Лукашэнка вырашыў "страсянуць ВНУ"
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка мае намер "страсянуць ВНУ". Такую задачу ён паставіў на сустрэчы з чальцамі Рэспубліканскага савета рэктараў. Рашэнняў ён чакае да 1 верасня. Сярод мэтаў, якія ставіць Лукашэнка, — якасныя выпускнікі і адсутнасць усякіх уцёкаў маладых людзей за мяжу.
"Гэта што за мода? Або аб'ектыўны выбар? Гэта будучая эліта дзяржавы. Нашай дзяржавы. Як вы за іх змагаецеся?" — звярнуўся ён да ўдзельнікаў сустрэчы. Лукашэнка не разумее, чаму "БДУ, БНТУ, медыцынскія ўніверсітэты або БДУІР не з'яўляюцца для нашых вундэркіндаў прыярытэтам для паступлення".
Паводле звестак Лукашэнкі, ледзь не палова студэнтаў сёння незадаволеная якасцю беларускай адукацыі. "Дакладаюць, што вы не паспяваеце за тэхналогіямі, маладыя спецыялісты давучваюцца на вытворчасці", — заявіў Лукашэнка. Разам з тым ён папярэдзіў рэктараў, якія "працаўладкоўваюць учорашніх хістальнікаў "рэжыму". Ён заявіў, што "адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай" і рэктары, на яго думку, таксама адказваюць за нацыянальную бяспеку.
"Калі сярод вас дагэтуль працуюць людзі, якія не падзяляюць нашы падыходы і нашу палітыку, дзяржаўную ідэалогію, калі вы працаўладкоўваеце ўчорашніх хістальнікаў "рэжыму", то якія высновы я павінен рабіць пра вас? Пытанне для разважання і прыняцця рашэнняў", — папярэдзіў ён.
Лукашэнка хоча стварыць "групу як у ахове здароўя" і праверыць ВНУ, бо, з яго слоў, "закасцянелі да неймавернасці". Сярод іншага гэтая група павінна прааналізаваць змест і якасць адукацыйных праграм. Лукашэнка мяркуе, што навучанне паводле нейкіх спецыяльнасцяў можна і скараціць: "Можа, не пяць гадоў дзесьці, не чатыры гады, а тры і чатыры гады".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.