Лукашэнку трывожыць адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, а Галоўчанку — не
Аляксандр Лукашэнка і Раман Галоўчанка
Аляксандра Лукашэнку трывожыць адмоўнае сальда ў знешнім гандлі, а Рамана Галоўчанку — не. Гэта вынікае са справаздачы з іх сустрэчы ў панядзелак і далейшага каментару прэм'ер-міністра. Галоўчанка лічыць, што адмоўная лічба "будзе перакрытая ўжо па выніках трох кварталаў".
Падчас сустрэчы Лукашэнка згадаў "насцярожваючыя фактары" ў эканоміцы. "Хоць невялікае, але складваецца адмоўнае сальда", — адзначыў ён. У студзені-красавіку 2024-га дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў больш за 154 мільёны долараў.
Аптыміст-прэм'ер перакананы, што "нейкай катастрофы ў гэтым няма". Раман Галоўчанка тлумачыць, што вырас сусветны кошт на нафту, і гэта паўплывала "на павелічэнне кошту імпарту". А яшчэ "знізіліся цэны на традыцыйныя беларускія тавары на знешніх рынках".
"Задача зразумелая: ляза гэтых нажніц будзем зводзіць разам", — так вобразна акрэсліў задачу ўраду прэм'ер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.