“Людзей было роўна нуль”: фудкорт Еўрагульняў у парку Dreamland сышоў у мінус

“Людзей было роўна нуль”: фудкорт Еўрагульняў у парку Dreamland сышоў у мінус

Фудкорт Еўрапейскіх гульняў у фан-зоне ў парку Dreamland сышоў у глыбокі мінус. Прадпрымальнікі, якія паставілі ў парку намёты з фастфудам, скардзяцца на арганізатараў фан-зоны.

Кожная кропка (якіх усяго 43) заплаціла 3 тысячы за арэнду [за ўвесь час Еўрагульняў. — Еўрарадыё]. Нам абяцалі ад 3 да 40 тысяч гледачоў. Зразумела, што ўсё на словах. Нас моцна рыхтавалі да 21-га чысла [дзень адкрыцця Еўрапейскіх гульняў. — Еўрарадыё], мы закупіліся прадуктамі на такі натоўп… І што? У першы дзень ніводнага чалавека, толькі 43 фудкорты ў поўнай гатоўнасці… За палову тыдня палова фудкортаў з’ехала, проста выкінуўшы грошы на вецер”, — такім меркаваннем аднаго з прадпрымальнікаў дзеліцца ў сваім акаўнце на Facebook фудблогер Павел Крамар.

“Людзей было роўна нуль”: фудкорт Еўрагульняў у парку Dreamland сышоў у мінус

“Людзей было роўна нуль”

Да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску адкрылі адразу некалькі фан-зон. Сярод іх была толькі адна платная — у парку Dreamland. На сцэне тут выступалі вядомыя артысты, а квіткі каштавалі ад 16 рублёў за адзін дзень да 55 на ўсе дні Гульняў.

На фан-зоне працаваў і фудтрак сеткі вулічнай ежы Bulba Frites. На пытанне пра колькасць людзей і страты ў кампаніі адказалі, што прыбралі з Dreamland сваю машыну з ежай праз два дні, бо “людзей было роўна нуль”.

“Людзей было роўна нуль”: фудкорт Еўрагульняў у парку Dreamland сышоў у мінус
instagram.com/dreamlandby

Яшчэ адна кропка вулічнай ежы ў фестывальнай зоне — “Мама дома”. Сузаснавальнік сеткі, шоўмен Дзяніс Кур’ян распавядае нам, што кропка пратрымалася ў Dreamland чатыры дні:

“Я асабіста загадаў згортвацца, бо людзей было вельмі мала, і былі толькі страты, а спадзеву на тое, што сітуацыя неяк зменіцца, не было. Я, аднак жа, лічу вінаватай у гэтай сітуацыі не дзяржаву ці дырэкцыю Еўрапейскіх гульняў, а прыватную кампанію, якая арганізоўвала фестывальную зону. 

Праблема ў тым, што зона ў парку Dreamland была зробленая не для турыстаў, а менавіта для жыхароў Беларусі і Мінска. Так што калі там не было людзей, гэта праблема неналежнага піяру і недастатковай рэкламы. Да людзей проста не данеслі інфармацыю”.

Для параўнання Кур’ян прыводзіць прыклад фан-зоны на Нямізе, дзе працавалі ў асноўным дзяржаўныя прадпрыемствы. Са слоў Кур’яна, там “ва ўсіх былі суперпрыбыткі”, а скардзіцца не было на што. І гэта блізка да праўды: за 10 дзён II Еўрапейскіх гульняў на спартыўных аб'ектах і ў фан-зонах было з’едзена больш за 23 тоны шашлыку і 36 тон каўбасак ды курыных крылцаў грыль. Гэта нават больш, чым на мінскім чэмпіянаце свету па хакеі 2014 года, калі ў Беларусь прыехала нашмат больш турыстаў!

“Лічбы, якія мы казалі прадпрымальнікам, мы пачулі ў дырэкцыі Гульняў”

Арганізатарам фестывальнай зоны ў Dreamland з’яўляецца кампанія Science Community. Яе дырэктар Дзмітрый Мацвееў скардзіцца Еўрарадыё, што не фудкорт, а якраз яго кампанія — найбольш пацярпелы бок у гэтай сітуацыі:

“На тэрыторыі фестывальнай зоны агулам дзейнічае 32 кропкі з ежай, з якіх каля 20 размясціліся менавіта на час правядзення мерапрыемстваў. Усе іншыя — стацыянарныя ўстановы, якія пастаянна працуюць на тэрыторыі парка. Што да кошту ў 3000 рублёў — гэта сапраўды так. Але гэта цалкам нармальныя грошы за 13 дзён працы.

А што тычыцца лічбаў, пра якія мы казалі прадпрымальнікам, — гэта ўсё тое, што мы пачулі ад дырэкцыі Гульняў. У выніку мы самі аказаліся ў велізарным мінусе. Нешта канкрэтнае казаць не буду, бо потым могуць быць праблемы. Але вы можаце ўявіць, што грошы, атрыманыя ад фудкорта, складалі толькі 5% ад усяго нашага бюджэту”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі