Маск ізноў намякнуў, што можа адключыць Starlink. Яму адказаў польскі міністр

Ілан Маск

Ілан Маск / Yahoo

Ілан Маск заявіў, што "кінуў асабісты выклік Пуціну". Гаворка ідзе пра дазвол украінскаму войску на выкарыстанне Starlink.

Мільярдэр назваў сваю сістэму касцяком украінскага войска. І дадаў сказ, які выглядае як пагроза: "Увесь іх фронт пасыпецца, калі я яе адключу".

ЗША працягваюць ціснуць на Украіну, каб усадзіць яе за стол перамоваў з Расіяй на расійскіх умовах. Размовы пра адключэнне "Старлінкаў" пачаліся яшчэ ў лютым, падчас абмеркавання здзелкі па рэдказямельных металах паміж Кіевам і Вашынгтонам. Але тады Маск адмаўляў намер пазбавіць украінцаў сваёй тэхналогіі.

Неўзабаве на чарговы ўкід Маска пра адключэнне ўкраінцаў ад Starlink адказаў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Аказваецца, "асабісты выклік Пуціну" мільярдэр Маск кінуў не бясплатна, а за $150 млн — такі кошт выкарыстання "Старлінкаў" украінскім войскам цягам трох гадоў вайны.

"Starlink для Украіны фінансуе міністэрства цыфравізацыі Польшчы, сістэма каштуе каля $50 млн за год. Не кажучы ўжо пра этычнасць пагрозаў ахвяры агрэсіі... Калі SpaceX апынецца ненадзейным правайдарам, мы будзем вымушаныя шукаць іншых правайдараў",напісаў Сікорскі ў сацсетцы X.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.