Майк Пампеа ў Мінску: ЗША занепакоеныя пытаннямі правоў чалавека ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка і Майк Пампеа / Reuters
ЗША занепакоеныя пытаннямі правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта, сустракаючыся з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Майк Пампеа.
— Мы працуем над пытаннямі правоў чалавека. У нас ёсць занепакоенасць па гэтым пытанні, і мы будзем працягваць прасоўваць рэформы, каб былі абароненыя правы людзей, — сказаў Пампеа. — І мы ўпэўненыя, што зможам дамагчыся поспеху ў нашых узаемных адносінах. Зараз мы шукаем магчымасці, паколькі я з'яўляюся першым дзяржсакратаром, які наведаў вашу краіну на працягу больш як дзвюх дэкадаў.
Калі публічная частка сустрэчы скончылася, здарыўся кур'ёзны эпізод — тэхнікі забыліся спыніць трансляцыю перакладу.
— Люблю глядзець, як журналісты выходзяць з залы, — сказаў Майк Пампеа Аляксандру Лукашэнку.
— У нас кажуць, што прэса — чацвёртая ўлада, — адказаў кіраўнік Беларусі. — Я не супраць. Але не забывайцеся, што гэта чацвёртая ўлада, а не першая.
— Так, мы таксама іх ап... — пачаў адказваць кіраўнік Дзярждэпу, але ў гэты момант гук ўсё ж такі адключылі, і журналісты ў прэс-цэнтры так і не даведаліся, што ў ЗША робяць з прэсай.
Сённяшні візіт Пампеа ў Мінск — частка вялікага еўразійскага турнэ. Да Беларусі дзяржсакратар ЗША наведаў Вялікабрытанію і Украіну, а пасля паляціць у Казахстан і Узбекістан.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.