Мікалай Статкевіч: Мяне мэтанакіравана выціскаюць з Беларусі

Мікалай Статкевіч: Мяне мэтанакіравана выціскаюць з Беларусі

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча затрымалі ў суботу, 26 жніўня, па дарозе ў лякарню да кіраўніка Асацыяцыі ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандра Камароўскага. Затрымалі за 70 метраў ад дома і адразу павезлі ў Ленінскі РУУС, распавядае палітык.

Мікола Статкевіч: “Я быў шчыра ўпэўнены, што мяне забіраюць на 15 сутак, якія я атрымаў за 3 ліпеня. Але мне сказалі, што гэта 5 сутак за 30 сакавіка. На пытанне, дзе мае 15 сутак, мне адказалі: “Яшчэ не прыйшлі”. Але хоць я і ехаў на Акрэсціна на 5 сутак, быў упэўнены: дададуць да іх і тыя 15. Шчыра кажучы, гэта было і лягчэй — адразу ўсе адсядзець. Але яны выпусцілі. Каб і далей мы вымушаныя былі хадзіць і азірацца, а жонка выглядала ў акно, што за машына прыехала. І гэта псіхалагічны ціск на ўсю сям’ю. Бо ў жніўні мы цягам аднаго тыдня даведаліся пра пяць адміністрацыйных спагнанняў на нашу сям’ю. У жонкі два штрафы: 300 долараў і 500, а ў мяне штраф 600 долараў за ўскладанне кветак 8 траўня на Вайсковых могілках да магіл савецкіх салдат і два адміністрацыйныя арышты — 15 сутак і 5. Нас проста выціскаюць з краіны”.

Па словах Статкевіча, яго жонка Марына Адамовіч падала ад яго імя скаргу ў гарадскі суд Мінска наконт вынесенага адміністрацыйнага арышту на 15 сутак. 31 жніўня стала вядома, што разгляд справы прызначаны на 12 гадзін 7 верасня. Статкевіч не выключае, што яго затрымаюць яшчэ да пачатку судовага пасяджэння і адвязуць на 15 сутак на Акрэсціна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі