Мікалай Статкевіч напісаў ліст Ангеле Меркель

Мікалай Статкевіч напісаў ліст Ангеле Меркель

Кіраўнік аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч напісаў ліста канцлеру Нямеччыны Ангеле Меркель. Пра гэта палітык паведаміў у сацыяльных сетках. 

Нагодай для ліста стала аўторкавая публікацыя ў газеце "Советская Белоруссия", пра якую паведамляла Еўрарадыё. У ёй гаворыцца, быццам грамадзянка Нямеччыны з беларускімі каранямі даведалася пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Мінску на 25-26 сакавіка. Яна нібыта прыйшла ў амбасаду і напісала ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, у якім папярэдзіла пра гэта.

Пасля гэтага беларускія спецслужбы пачалі "справу патрыётаў", па якой затрымалі больш за 20 чалавек. Спярша іх вінавацілі ў падрыхтоўцы асобаў да масавых беспарадкаў. Цяпер жа, як паведаміла афіцыйнае беларускае выданне, КДБ пачаў новую крымінальную справу — "Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання". 

У сваім лісце Статкевіч піша: 

"Паважаная спадарыня канцлер! 

Звяртаюся да Вас з просьбай прыняць удзел у лёсе больш чым 20 чалавек, якія сталі закладнікамі з-за паклёпніцкага даносу грамадзянкі ФРГ.

Калі верыць Аляксандру Лукашэнку, неякая фраў А. (сапраўднае імя паклёпніка не апублікаванае) прыйшла ў амбасаду Беларусі ў ФРГ і напісала на яго імя заяву, дзе паказала, што мае звесткі пра стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь незаконных узброеных фармаванняў. На падставе гэтага даносу ўжо на наступны дзень па ўсёй краіне былі затрыманыя дзясяткі маладых людзей, якія ўваходзілі ў патрыятычныя клубы або ў апазыцыйныя арганізацыі. Хоць гэта не з'яўляецца злачынствам нават па беларускіх законах. 21 з іх, у тым ліку кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі нашай партыі Сяргей Кунцэвіч, знаходзіцца зараз у следчай турме КДБ".

Беларускі палітык просіць, каб нямецкія органы правапарадку запыталі звесткі пра гэтую грамадзянку ФРГ, якая нібыта напісала ліст Лукашэнку. Ён прапануе апытаць жанчыну з выкарыстаннем дэтэктара хлусні. 

"Вынікі дадзенага допыту прашу даць беларускім органам дазнання, а таксама апублікаваць у СМІ", — дадае Статкевіч.

Ён лічыць, што дапамога Меркель у "правядзенні сумленнага расследавання і вызваленні незаконна ўтрымліваных у засценках КДБ беларускіх грамадзян будзе неацэнным унёскам у прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў і ўсталяванні законнасці і парадку на еўрапейскім кантыненце".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі