Міліцыя затрымала жанчыну, якая зняла на відэа жорсткае затрыманне ў метро
Міліцыянты затрымалі мінчанку Людмілу С., якая зняла на відэа жорсткае затрыманне ў мінскім метро. Жанчыну вінавацяць у дробным хуліганстве, бо на знятым ёй відэароліку была нецэнзурная лаянка. Як распавёў яе сябар у каментары Радыё "Свабода", міліцыянты ў форме забралі С. проста з працы.
Як паведамлялася раней, відэаролік, на якім ахоўнікі метрапалітэна і міліцыянты ўшасцёх затырмліваюць маладога чалавека, выклікаў вялікі розгалас у сацсетках. Здарэнне адбылося ўначы 27 траўня. Па версіі міліцыі, малады чалавек быў нецвярозы, паводзіў сябе неадэкватна і агрэсіўна ды стаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі.
Сама аўтарка відэа хутка выдаліла яго пасля апублікавання. Аднак ролік паспелі скапіяваць іншыя карыстальнікі сацсетак.
Дарэчы, самога 19-гадовага мінчука, затрыманага на станцыі метро "Кастрычніцкая", вызвалілі з-пад варты, абавязаўшы яго з'яўляцца на выклік да следчага.