Міністр абароны Ізраіля распавёў, як ён бачыць будучыню Газы без ХАМАС

Ізраільскія вайскоўцы ў сектары Газа, студзень 2024-га

Ізраільскія вайскоўцы ў сектары Газа, студзень 2024-га / twitter.com/idfonline

Міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант прапанаваў план кіравання сектарам Газа пасля заканчэння вайны. ХАМАС больш не будзе кантраляваць гэтую тэрыторыю, кіраваць сектарам будзе палесцінскае кіраўніцтва, але на пэўных умовах. Кантроль над бяспекай у Газе будуць ажыццяўляць ізраільцяне. Працоўная назва прапанаванага плана — "План чатырох кутоў", паведамляе "Бі-Бі-Сі".

"Жыхары Газы — палесцінцы, таму адказнасць за кіраванне ляжа на палесцінскія органы, але пры ўмове поўнай адмовы ад гвалту і пагроз на адрас дзяржавы Ізраіль", — кажа Галант.

Згодна з планам, сектар Газа, моцна разбураны ў выніку масіраваных ізраільскіх авіяўдараў, будзе адбудаваны сумеснымі намаганнямі Ізраіля і міжнародных партнёраў. Таксама ў дакуменце прапісана, што асаблівая роля ў далейшым жыцці сектара Газа будзе адведзена Егіпту, але падрабязнасці гэтага пункта пакуль невядомыя.

У плане міністра абароны таксама выкладзены меркаванні адносна таго, якой павінна быць наступная фаза вайны. На яго думку, ЦАХАЛ павінен перайсці да больш кропкавай стратэгіі на поўначы сектара Газа, накіраванай на разбурэнне тунэляў і нанясенні наземных удараў па цэлях. На поўдні сектара ЦАХАЛ працягне пераследваць лідараў ХАМАС, выкарыстоўваючы для гэтага любыя неабходныя тактыкі. Іншая прыярытэтная задача вайскоўцаў на поўдні — вызваленне закладнікаў. Таксама ў плане Галанта прадугледжана аказанне дапамогі жыхарам Газы, у прыватнасці, дастаўка гуманітарнай дапамогі ў найбольш пацярпелыя раёны.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху пакуль не каментаваў прапанову міністра абароны. Згаданы план выглядае памяркоўным і можа быць ухвалены большасцю ізраільцян. Аднак яго могуць адрынуць палесцінцы. Лідар Палесцінскай аўтаноміі Махмуд Абас не раз заяўляў, што палесцінскія тэрыторыі павінны знаходзіцца пад поўным кантролем палесцінскіх уладаў, уключна з сферай бяспекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі