Міністр спорту знайшоў пазітыў у санкцыях супраць беларускіх спартсменаў
Сяргей Кавальчук / pressball.by
Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук знайшоў пазітыў у санкцыях супраць беларускіх спартсменаў. У інтэрв'ю часопісу "TEAM BY" ён кажа пра эканомію сродкаў, паколькі няма "дарагіх пералётаў у Еўропу, выдаткаў на пражыванне, зборы і харчаванне там".
"Нягледзячы на ўсе санкцыі, беларускі спорт развіваецца", — адзначае міністр. Праўда, выключна ва ўсходнім кірунку — стала больш цесным супрацоўніцтва з "расійскай спартыўнай сістэмай". А спорт у Расіі таксама пад санкцыямі. Аднак Кавальчук бачыць у "канкурэнцыі з расійскімі атлетамі" проста "неверагодную карысць".
"Расія — цудоўны спаборніцкі плацдарм, па сваёй тэрыторыі яна ў разы большая за Еўропу, — працягвае свой аповед беларускі міністр. — Так, там 50 дзяржаў, але ў Расіі 86 рэгіёнаў! Што мы губляем? Нічога".
Беларускі і расійскі спорт трапілі пад санкцыі пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны. Нават у РФ разумеюць, што санкцыі вядуць да дэградацыі спорту. Але міністр спорту РБ бачыць толькі "развіццё".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.