Мітрапаліт Кандрусевіч напісаў Шуневічу пра няправільна падлічаных вернікаў
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напісаў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу адкрыты ліст пра няправільна падлічаных вернікаў. Ён заклапочаны, што ў апошнія гады МУС штучна заніжае даныя па колькасці католікаў, якія прымаюць удзел у набажэнствах на святы Божага нараджэння і Вялікадня.
Кандрусевіч звяртае ўвагу, што сёлета сайт МУС паведаміў пра каля 40 тысяч вернікаў, якія паўдзельнічалі ў краіне ў набажэнствах на Божае нараджэнне. Мітрапаліт лічыць, што гэтая лічба "не адпавядае рэчаіснасці", з'яўляецца "яўна заніжанай". Ён сцвярджае, што ў Мінску ў каталіцкія храмы прыйшлі 11 тысяч чалавек, у Гродне — 13 тысяч, у Лідзе — 6 тысяч. А гэта ўжо 75% вернікаў ад дадзеных МУС. "А колькі было ў іншых гарадах, такіх як, напрыклад, Ашмяны, Ваўкавыск, Браслаў, Паставы, Баранавічы, Брэст і інш.?", — пытаецца мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён упэўнены, што насамрэч вернікаў было ў шмат разоў больш.
Таксама мітрапаліта заклапочвае той факт, што "ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да штучнага заніжэння ўдзелу католікаў у набажэнствах". Калі на Божае нараджэнне 2011 года МУС налічыла 240 тысяч чалавек, то ў 2012-м — 95 тысяч, у 2013-м — 83 тысячы, у 2014-м — 58 тысяч.
"Выказваю надзею, што ў будучым МУС будзе прыводзіць адпаведную праўдзе інфармацыю пра ўдзел вернікаў у каталіцкіх набажэнствах", — піша Шуневічу мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Кандрусевіч.
Дарэчы, паводле дадзеных МУС Беларусі, на святы колькасць праваслаўных вернікаў у храмах таксама імкліва зніжалася, але ў апошнія гады гэты працэс запаволіўся. 7 студзеня 2012-га было налічана каля 254 тысяч вернікаў, праз год ужо толькі 113 тысяч вернікаў, у 2014-м — 129 тысяч, у 2015-м — каля 120 тысяч, у 2016-м — больш за 118 тысяч вернікаў.
Тэма падлікаў міліцыяй вернікаў на святы ўздымалася яшчэ ў 2013 годзе.