МЗС: Адносіны з ЗША характарызуюцца далейшым паступальным развіццём
Апублікаваны Агляд вынікаў знешняй палітыкі нашай краіны і дзейнасці Міністэрства замежных спраў Беларусі ў 2017 годзе. Між іншым, у ім дадзена ацэнка адносін нашай краіны і ЗША.
“Адносіны з ЗША характарызуюцца далейшым паступальным развіццём, — гаворыцца ў дакладзе. — Бакі працягнулі ўзаемадзеянне ў сферах узаемнага інтарэсу: гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай, барацьбы з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю, прафесійных абменаў”. Адзначаецца, што ў мінулым годзе “інтэнсіфікавалася ўзаемадзеянне па лініі экспертнай супольнасці”.
Як вядома, у 2017 годзе Беларусь наведала дэлегацыя амерыканскіх кангрэсменаў, якія сустракаліся ў Аляксандрам Лукашэнкам. У ЗША быў праведзены першы беларуска-амерыканскі форум малога і сярэдняга бізнесу.