МЗС Польшчы заяўляе пра "агрэсіўныя дзеянні КДБ" у дачыненні да дыпламатаў
МЗС Польшчы, ілюстрацыйнае фота
Часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку выклікалі ў МЗС Польшчы.
Яму ўручылі дыпламатычную ноту "ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяннямі беларускага КДБ у дачыненні да дыпламатаў Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама трэціх краін". Другой падставай для выкліку стала нота МЗС Беларусі, якую часоваму паверанаму ў справах Польшчы ў Мінску ўручылі 11 снежня.
Як гаворыцца ў паведамленні польскага замежнапалітычнага ведамства, польскі бок выказвае рашучы пратэст супраць вышэйзгаданых дзеянняў. "Працяг падобнага роду правакацыі сустрэне сіметрычны адказ з польскага боку", — заяўляюць польскія дыпламаты.
На мінулым тыдні па беларускім тэлебачанні паказалі фільм, у якім расказвалася, нібыта ў Кішынёве польскія спецслужбы спрабавалі завербаваць беларускага дыпламата, абяцаючы яму 100 тысяч еўра. 11 снежня ў беларускім МЗС польскаму часоваму паверанаму ўручылі ноту з гэтай нагоды.
Аднак неўзабаве журналістам удалося высветліць, што "непадкупны" беларус, якога ў фільме называюць дыпламатам, хутчэй за ўсё з'яўляецца супрацоўнікам КДБ, які працуе пад прыкрыццём.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.