На мірных перамовах Беларусь павінен прадстаўляць Пазняк — Вольга Карач

Зянон Пазняк

Зянон Пазняк / Еўрарадыё

На мірных перамовах па вайне ва Украіне павінны быць прадстаўленыя і інтарэсы Беларусі. Пра гэта палітэмігрантка Вольга Карач заявіла ў каментары Радыё "Свабода".

На яе думку, з беларускага боку ў дэлегацыі абавязкова павінен быць Зянон Пазняк. "Гэта чалавек, які змагаўся за незалежнасць Беларусі. Я лічу, што ў гэтых перамовах ён будзе як ніхто абараняць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Хто яшчэ — трэба думаць, але Зянон Пазняк павінен быць у гэтай дэлегацыі", — упэўненая Карач.

Святлану Ціханоўскую і яе офіс, Аб’яднаны пераходны кабініт і Каардынацыйную раду Карач ахарактарызавала як "слабых". На яе думку, яны не змогуць адстойваць інтарэсы Беларусі ў перамовах, дзе будуць удзельнічаць Трамп і Пуцін.

"Святлана Ціханоўская не можа адстаяць нацыянальныя інтарэсы беларусаў нават у Літве. Маленькая краіна, змагацца за нацыянальныя інтарэсы беларусаў у Літве нашмат прасцей, чым таргавацца з Пуціным ці Трампам. Яна нават гэтага не можа зрабіць. Я бачу Зянона Пазьняка. Я разумею, што ён будзе адстойваць беларусаў да апошняй кроплі крыві. І ён не саступіць нічога. Дакладна ён павінен быць у беларускай дэлегацыі і яе ўзначальваць", — заявіла Карач.

Пра жаданне Беларусі ўдзельнічаць у мірных перамовах гавораць як прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, так і дзеячы дэмакратычных сілаў. Праўда, інтарэсы Беларусі ў гэтых перамовах яны бачаць па-рознаму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі