На саміце ў Лондане ўзгаднілі план з чатырох пунктаў

Саміт у Лондане

Саміт у Лондане / AP Photo

Саміт па пытаннях абароны і бяспекі Еўропы адбыўся на выходных у Лондане. У ім удзельнічалі лідары Украіны і шэрагу краін ЕС, а таксама, напрыклад, міністр замежных спраў Турцыі, генсакратар NATO, кіраўніца Еўракамісіі. Пра некаторыя з рашэнняў саміту паведамляюць замежныя СМІ.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер агучыў планы саюзнікаў. Вялікабрытанія, Францыя ды іншыя краіны будуць працаваць з Украінай над планам па спыненні баявых дзеянняў. Гэты план будзе абмяркоўвацца з ЗША і прасоўвацца разам.

Таксама стаў вядомы мірны план Макрона і Стармера наконт Украіны. Ён паэтапны і пачынаецца са спынення агню на месяц — у паветры і на моры, а таксама з мараторыю на ўдары па энергетычных аб'ектах. Гэты перыяд, як плануецца, бакі павінны выкарыстаць для перамоваў.

Уводзіць еўрапейскія войскі ва Украіну пакуль не плануецца. Разгортванне кантынгенту разглядаецца толькі пасля падпісання мірных пагадненняў.

Падчас саміту яго ўдзельнікі ўзгаднілі чатыры пункты: захаваць ваенную дапамогу Украіне, прыцягнуць Кіеў да ўдзелу ў любых мірных перамовах, нацэліць еўрапейскіх лідэраў на стрымліванне любога будучага ўварвання Расіі ва Украіну і сфармаваць "кааліцыю ахвочых" для абароны Украіны і забеспячэння там міру.

Вялікабрытанія дасць Украіне 1,6 млрд фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 2,01 млрд долараў ЗША) для закупкі каля 5000 новых ракет СПА.

Разам з тым прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск расказаў, што заходнія саюзнікі не дасягнулі адзінства ў пытанні канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў на Захадзе: некаторыя краіны "асцерагаліся наступстваў для еўра або банкаўскай сістэмы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі