Накінуць ад 5 да 20 рублёў. З 1 траўня ў Беларусі вырастуць сацыяльныя пенсіі
Сацыяльныя пенсіі вырастуць следам за бюджэтам пражытачнага мінімуму / ТАСС
З 1 траўня ў Беларусі крыху падрасце бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ). Для працаздольнага насельніцтва ён складзе 347 рублёў 20 капеек (+17,85 рублёў), для пенсіянераў — 232,3 рубля (+8,2 рублёў).
У сярэднім на душу насельніцтва бюджэт пражытачнага мінімуму складзе з 1 траўня 311 рублёў 15 капеек. (Цяпер — 296,55 рублёў).
Ад БПМ залежаць памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій. Адпаведна, яны таксама вырастуць. Прыбаўка складзе ад 5 да 20 рублёў.
Так, мінімальная пенсія па ўзросце павялічыцца з 74,14 да 77,79 рублёў. А сацыяльная пенсія інвалідам першай групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, вырасце на 16 з капейкамі рублёў — да 342,27 рублёў.
У сакавіку ў Беларусі прыкметна паскорылася інфляцыя. У параўнанні з сакавіком 2021 года цэны выраслі ў сярэднім амаль на 16%. А прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка прызнаў, што рост цэн застаецца адной з галоўных "галаўных боляў" беларускага ўрада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.