Наваполацкі "Нафтан" не выступіць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі?
Наваполацкі "Нафтан" можа не выступіць у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. 9 сакавіка футбольны клуб не атрымаў ліцэнзію "за парушэнне фінансавых крытэрыяў". У панядзелак, 21 сакавіка, яму адмовіў і Апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні. ФК "Нафтан" застаецца абскардзіць гэтае рашэнне ў Футбольным арбітражы Беларускай федэрацыі футбола, інфармуе яе прэс-служба.
Ліцэнзію ў пачатку сакавіка таксама не атрымала і брэсцкае "Дынама". Аднак на сённяшнім разглядзе было вырашана аб'явіць перапынак для вывучэння дакументаў, якія прадаставіў клуб.
У вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату 16 камандаў. У выпадку, калі адна ці дзве каманды не будуць дапушчаныя да гульняў, іх месца могуць заняць прадстаўнікі першай лігі. Нацыянальнае першынство стартуе 2 красавіка.