Названая прычына пажару ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску
Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры
Спецыялісты паведамілі, што магло стаць прычынай пажару ў гандлёвым цэнтры "Беларусь" у Віцебску.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў заявіў, што агляд месца здарэння скончаны. Спецыялісты заўважылі "непраектныя змены, якія ўнесеныя ў электраправодку".
Таксама эксперты сказалі аб прыкметах працы электрасетак у аварыйным рэжыме — то бок пра кароткае замыканне. "Вызначаны ачаг пажару па характэрных прыкметах, ён складаў 20 на 20 метраў", — удакладніў Аляксей Волкаў.
Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры здарыўся ў пятніцу, 13 снежня. Да медыкаў трапілі 20 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Па стане на 18 снежня ў бальніцах заставаліся дзевяць пацярпелых, прычым адна жанчына — у цяжкім стане.
Пасля пажару адбыліся затрыманні людзей, якіх падазраюць у "парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі". У СМІ пісалі, што ў адным з затрыманых апазналі ўласніка гандлёвага цэнтра Віктара Вялюгу.
Будынак гандлёвага цэнтра пасля пажару плануецца знесці. На яго месцы пабудуюць іншы аб'ект. Прадпрымальнікам, якія там працавалі і пацярпелі ад пажару, абяцаюць кампенсацыю шкоды і льготныя ўмовы працы на іншых месцах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.