Незвычайныя фотазоны: дзе можна сфатаграфавацца з робатам Валі і Ізяславам

Робат Валі

Робат Валі / Pixar

На адной з заправак "Беларусьнафты" ў Мінску (вул. Сярова, 2) з'явіўся робат Валі. Гэта папулярны персанаж аднайменнага мультфільма. Валі — робат-прыбіральнік, адзін з мноства робатаў, якія спрабуюць ачысціць забруджаную чалавекам планету ад смецця. Самі людзі Зямлю ўжо пакінулі — жыць на ёй стала немагчыма.

Аднойчы на планету прылятае Ева — больш сучасны робат, якога паслалі, каб знайсці на зямлі сляды расліннага жыцця.

"Я і забылася, што ён існуе! Які цуд. Мой любімы мультфільм", — пішуць карыстальнікі ў каментарах да відэа блогера "Незнаёмы Мінск", які першым заўважыў Валі.

А некаторыя пытаюць: "А дзе Ева?"

Калі вы таксама разгледзелі ў гэтай навіне магчымасць новых сэлфі, расказваем, якія яшчэ беларускія запраўкі могуць стаць някепскімі фотазонамі.

 

Пегас у Слуцку і Ізяслаў у Заслаўі

Масава размяшчае скульптуры на сваіх запраўках "Беларусьнафта". Напрыклад, на запраўцы ў Заслаўі можна сфатаграфавацца з князем Ізяславам. Ізяслаў — сын полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра. Пасля няўдалага замаху Рагнеды на Уладзіміра маці з сынам жылі ў Заслаўі.

Скульптуру на АЗС усталявалі 6 гадоў таму. На ёй князь выяўляецца такім, якім ён мог бы быць у сталым узросце. На самой жа справе Ізяслаў пражыў усяго 23-24 гады.

А гном-землякоп з'явіўся на тэрыторыі АЗС № 42 каля вёскі Кулакі. Вышыня гнома — каля 3,5 метра. Увечары ў гнома запальваецца агонь у вачах, ліхтар над галавой, а крышталі ў нагах пачынаюць свяціцца.

На запраўцы "Беларусьнафты" каля Нарачы стаіць шасціметровы сом! Улетку можаце зфоткацца з ім на АЗС № 17. А на АЗС № 44 у Слуцку можна сфатаграфавацца з Пегасам — крылатым канём. А на мінскім МКАД сядзіць русалка!

Необычные фотозоны: где можно сфотографироваться с роботом Валли и Изяславом
Русалка на запраўцы / abw.by

Аўтар большасці металічных структур на запраўках — скульптар Уладзімір Канонік.

Скульптураў нашмат болей, чым тыя, пра якія мы вам расказалі. Паглядзець месцазнаходжанне кожнай з іх можна на гэтай карце.

 

Без фота

Многія беларусы раней любілі фатаграфаваць незвычайны кубачак з кавай, калі запраўляліся на А-100. Але ад гэтага лета — больш ніякіх новых дызайнаў. Кампанія адмовілася ад сваёй фірмовай фішкі, каб зэканомленыя сродкі перадаваць пошукава-выратавальнаму атраду "Ангел".

Кожны год у Беларусі губляецца каля 11 тысяч людзей. А валанцёры "Ангела" дапамагаюць іх шукаць. Так што цяпер сфатаграфаваць файны кубачак кавы ўжо не выйдзе — затое да кавы вам дадуць фірмовую налепку ў падтрымку "Ангела".

 

Калі вырашыце выехаць за межы Беларусі

Калі вам гэтак спадабаецца фоткацца на беларускіх запраўках, што вы наважыцеся ехаць далей, вось вам кароткі (і няпоўны) спіс іншых незвычайных заправак свету. Яны сапраўды вартыя таго, каб зрабіць сэлфі.

1. Амерыканская кавярня Strange Brew знаходзіцца на запраўцы насупраць школы, у якую некалі хадзіў Элвіс Прэслі. Уладальнік кавярні ўсё тут перарабіў, але пакінуў арыгінальныя элементы дызайну: бетонныя падлогі і пад'ёмныя гаражныя вароты, каб выгляд быў больш індустрыяльны. Інтэр'ер выкананы ў сіне-белай каляровай гаме, усюды стаяць аксамітныя канапы і вісяць фатаграфіі Элвіса.

Необычные фотозоны: где можно сфотографироваться с роботом Валли и Изяславом
Элвіс Прэслі / Harry Chase / Los Angeles Times

2. А аўтазапраўка ў іспанскай Легардзе прыцягвае ўвагу незвычайным дахам. І гэты дах замасцілі сонечнымі батарэямі. Вось такое спалучэнне выкапнёвага паліва і сучасных тэхналогій.

3. А аўтазапраўку ў выглядзе НЛА паставілі ў славацкім горадзе Матушкава, на ўсход ад Браціславы. Тры бетонныя калоны вянчаюцца трыма бетоннымі дыскамі. Выглядае касмічна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі