Нязломнасць. Гісторыя ўкраінскага харэографа, які страціў на вайне нагу

Аляксандр Чайка / асабісты архіў
Аляксандр Чайка / асабісты архіў

Ніколі не апускаць рукі, не здавацца, ісці да мэты і, нягледзячы ні на што, верыць у сябе. Менавіта гэтаму хацеў бы навучыць свайго нованароджанага сына Аляксандр Чайка — харэограф і акрабат, які ў баі з расійскімі войскамі пад Папаснай страціў нагу, але не страціў прагу да жыцця.

Вайна заспела Аляксандра ў Кіеве. Раніцай 24 лютага яны з тады яшчэ будучай жонкай Ганнай моцна спалі і не чулі выбухаў. Пазней патэлефанаваў яе брат і спытаў: "Як вы? Пачалася вайна". Гэта не ўкладвалася ў галаве, расказвае Аляксандр:

"Мы не маглі паверыць. Якая вайна ў ХХІ стагоддзі? Не можа такога быць. Навінаў мы не глядзелі, проста жылі сваім жыццём, рэалізавалі нейкія свае мэты. Гэта было вялікае здзіўленне".

Аляксандр вырашае вывезці каханую ў бяспечнейшае месца. 26 лютага будучыя муж і жонка разам з сястрой Ганны едуць у Львоў. І ўжо адтуль пачынаецца баявое хрышчэнне мужчыны.

Адаптаваўшыся пасля знясільвальных пошукаў кватэры, 2 сакавіка мужчына ідзе ў ваенкамат, каб стаць на ўлік, паведаміць пра месца свайго знаходжання і з жаданнем дапамагчы. Хоць ён не служыў у войску, за плячыма было 11 гадоў баявых мастацтваў, валоданне паркурам. А яшчэ дзве вышэйшыя адукацыі, тэхніка хуткага друку і ўменне працаваць у многіх камп'ютарных праграмах. Аляксандр вырашыў, што гэтыя навыкі абавязкова спатрэбяцца:

“Я прааналізаваў тое, што ў мяне шмат вучняў, шмат сяброў, шмат хрэснікаў, шмат пляменнікаў. Таму вырашыў, што я буду тым чалавекам, які пойдзе іх аберагаць, абараняць".

Несокрушимость. История украинского хореографа, потерявшего на войне ногу
Аляксандр і яго вучні / асабісты архіў

Прайшоўшы камісію, Аляксандр адразу быў мабілізаваны ва УСУ, у 24-ю асобную механізаваную брыгаду. Муж настойвае, каб каханая з сястрой выехалі ў Літву, а сам ужо праз тыдзень едзе ў Лісічанск, а праз тры дні — у Папасную, адзін з самых гарачых пунктаў фронту.

"Самы цяжкі быў першы тыдзень, бо ішоў этап прывыкання. Ужо ў першыя дні мы трапілі пад артабстрэлы. Такое адчуванне, што ты апынуўся на здымках якога-небудзь фільма або глядзіш яго ў 4D, што гэта не можа быць рэальнасцю", — успамінае мужчына.

Страху не было, кажа Аляксандр, больш перажываў не за сябе, а за каханую і баявых пабрацімаў. Зрэшты, дзень, калі ён атрымаў раненне, мужчыну дагэтуль цяжка ўспамінаць. Гэта было 6 красавіка, 9 раніцы. Аляксандр выйшаў на чарговае патруляванне. Пачаўся артабстрэл, а затым пачуўся моцны выбух. Снарад заляцеў у акоп. Мужчыну адкінула ў іншы бок і засыпала зямлёй, кажа, пабрацімы раскопвалі яго амаль гадзіну:

“Калі раскапалі, то ў маіх нагах ляжаў снарад ад танка. Напэўна, не выбухнуў. Хлопцы адразу пачалі жартаваць, што зробяць мне талісман на шыю".

Пра тое, што атрымаў вельмі сур'ёзную траўму, Аляксандр зразумеў не адразу, бо не адчуваў свайго цела, толькі радаваўся, што можа дыхаць. Мужчыну шпіталізавалі ў Днепр. Дактары давалі не больш за 20%, што ён выжыве. Ампутацыя была адзіным шанцам на выратаванне. Калі Аляксандр ачуняў пасля аперацыі, кажа, адчуў палёгку. Невыносны боль, які суправаджаў транспартаванне ў бальніцу, мінуў, стала спакойна. Потым правёў вачыма па целе і ўбачыў, што нешта не так. Зразумеў — няма нагі.

“Першыя думкі былі пра тое, як я буду цяпер выкладаць, як пакажу ўсе свае навыкі дзеткам, бо ў мяне была мэта навучыць іх усяму, што ўмею сам. Гэта ўжо потым пачаў глядзець на гэта па-філасофску, што добры выкладчык не той, што можа паказаць трук, а той, што можа расказаць і растлумачыць такім чынам, што любое дзіця зразумее як гэта выконваць”, — кажа мужчына.

Несокрушимость. История украинского хореографа, потерявшего на войне ногу
У бальніцы / асабісты архіў

Пытанняў пра будучыню ў Аляксандра было шмат, але адказаць на іх ніхто не мог. Таму ён вырашыў, што сам будзе тым чалавекам, які адказвае на ўсе пытанні. Пачаў весці відэа- і фотасправаздачы сваёй рэабілітацыі, расказваў пра будні ў шпіталі, дзяліўся адчуваннямі з пабрацімамі, якія таксама атрымалі раненні на фронце. Гэта падтрымлівала маральна, бо адчуваў сябе карысным, дапамагаючы іншым.

"Я для сябе вырашыў: калі я дапамагу аднаму-двум людзям стаць на ногі і не адчайвацца, то я сваё жыццё ўжо пражыў нездарма".

Самога Аляксандра ўвесь гэты час падтрымлівалі родныя, вучні, дасылалі паштоўкі, і каханая Ганна. 6 чэрвеня, у бальніцы, мужчына зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Хоць планаваў зрабіць гэта на гадавіну знаёмства, 20 сакавіка, на тым жа месцы ў Кіеве, дзе яны сустрэліся ўпершыню. 5 ліпеня пара распісалася. Сведкамі былі два хлопцы, якія ляжалі разам з Аляксандрам у палаце. Яны дапамаглі яму прыехаць у ЗАГС.

Нягледзячы на прагнозы, што мужчына ніколі не зможа хадзіць і ўсё жыццё будзе вымушаны карыстацца інвалідным вазком, дзякуючы пратэзаванню ў Амерыцы Аляксандр зноў можа не толькі хадзіць, але і спускацца па лесвіцы, падымацца пад гару, катацца на самакаце, а самае галоўнае — займацца любімай справай: выкладаць харэаграфію і акрабатыку дзецям.

Несокрушимость. История украинского хореографа, потерявшего на войне ногу
Прага жыцця / асабісты архіў

"Вядома, не ўсе трукі я магу выконваць з пратэзам, але ўжо спакойна хаджу на дзвюх руках, станаўлюся на галаву, раблю масток. У мяне ёсць мэта скокнуць сальта на адной назе, і я думаю, што дам рады", — дзеліцца Аляксандр.

Думаючы пра сваё вяртанне да працы, трэнер больш за ўсё хваляваўся праз рэакцыю гадаванцаў і іх бацькоў. Але, кажа, страх быў марны, дзеці разумеюць яго з паўслова, а на занятак запісваецца яшчэ больш новых вучняў. Аляксандр працуе па 6 дзён на тыдзень і мае дзве ўласныя студыі ў Кіеве. Марыць зрабіць бясплатны гурток для дзяцей вайскоўцаў, а таксама вядзе заняткі для малых з ампутацыяй. А яшчэ — рэалізаваць сваю дзіцячую мару і падарожнічаць па свеце.

Аляксандр спадзяецца, што яго гісторыя нязломнасці дапаможа не страціць надзею і нягледзячы ні на што рухацца наперад:

“Я выдатна ўсвядоміў, што жыццё можа быць занадта кароткім. Трэба яго пражыць так, каб не шкадаваць і атрымліваць ад яго па максімуму. Таму за гэты кароткі час я ажаніўся, у мяне нарадзіўся сын, я адкрыў дзве свае акрабатычныя студыі. Я рухаюся наперад, стараюся дапамагаць іншым чым магу. Самае галоўнае — паставіць перад сабой мэты і дакладна ведаць, чаго ты хочаш, да чаго імкнешся дайсці. Бо ўсё магчыма. Я часам бачу [людзей], у якіх ампутацыя ніжэй за калена, а яны ўжо нібы развітваюцца з жыццём. Калі б у мяне была ампутацыя ніжэй за калена, я б скакаў сальта ўжо цяпер на дзвюх нагах, а не на адной”.

Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе MediaPort Warsaw, хаба для ўкраінскіх журналістаў у Польшчы, і пры падтрымцы міжнароднай ініцыятывы Media Lifeline Ukraine.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі