Па крымінальнай справе аб падпале дома Гайдукевіча праходзіць 18 чалавек
Пацярпелая котка Дзіна / mlyn.by
Па крымінальнай справе аб падпале дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча праходзіць 18 чалавек. Следчае ўпраўленне КДБ перадало ў Генпракуратуру для накіравання ў суд шматтомную крымінальную справу. Людзей, якія па ёй праходзяць, называюць удзельнікамі "арганізаванай злачыннай групы". Сцвярджаецца, што яны "спланавалі і здзейснілі ў Беларусі шэраг актаў тэрарызму".
У спісе абвінавачаных — Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч. Адзначаецца, што траіх чалавек — Пракоп'ева, Хаміцэвіча і Чамякіна — збіраюцца судзіць завочна. Раней Гайдукевіч менавіта іх назваў "замоўцамі".
У чэрвені 2021 года Алег Гайдукевіч заявіў, быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Праўда, пацярпела толькі котка Гайдукевіча, у якой быў абпалены нос. У верасні таго ж года КДБ паведаміў, што затрымаў нападнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.