Падаткавікі прыгразілі ўзяцца за "перакупаў"

Хакейныя заўзятары, ілюстрацыйнае фота

Хакейныя заўзятары, ілюстрацыйнае фота / hcdinamo.by

Падатковая інспекцыя Мінска прыгразіла пакараннем спекулянтам, якія "з наварам" перапрадаюць квіткі на спартовыя матчы і культурныя мерапрыемствы.

Нядаўна ў Мінску каля спартовых кас узніклі вялізныя чэргі па квіткі на матчы хакейнага клуба "Дынама-Мінск" супраць чалябінскага "Трактара". А пазней квіткі перапрадавалі ў інтэрнэце, але ўжо ў некалькі разоў даражэй.

"Паверце, "няправедна заробленае" вы выдаткуеце ўмомант, а вось сустрэча з намі запомніцца надоўга. Дарэчы, некаторыя спекулянты могуць пачынаць хвалявацца ўжо цяпер. Бо мы патэлефануем у любы момант і "пагодзімся" на вашыя 200 рублёў за квіток. Але ўлічыце: сустрэча ва ўмоўленым месцы не прынясе вам нічога добрага — пазбавіцеся і нерваў, і часу, і квіткоў", — перасцераглі падаткавікі "перакупаў".

Яны, дарэчы, паведамілі, у якім выпадку не прыйдуць да чалавека, які прадае квіткі праз інтэрнэт. Гэта датычыць выпадку, калі чалавек купляў квіток для сябе, але пайсці не змог і перапрадае яго па намінальнай цане. "І тады вы выразна дасце нам зразумець, што ў вашых дзеяннях няма накіраванасці на атрыманне даходу", — дадалі ў падатковай.

Дарэчы, ад "перакупаў" пакутуюць не толькі спартовыя аматары. На перапродаж квіткоў праз інтэрнэт па завышаным кошце скардзіўся і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.