"Падкінулі таблетак і прыгразілі новым артыкулам". Як ціснуць на палітвязняў
Вікторыя Кульша / Фота з сацсетак
Пра ціск на палітзняволеную Вікторыю Кульшу, адміністратарку тэлеграм-канала "Кіроўцы 97%", расказваюць праваабаронцы. На мінулым тыдні Вікторыю зноў судзілі — пасяджэнне адбылося ў Гомельскай жаночай калоніі, дзе яна адбывае тэрмін па першым прысудзе.
Гэтым разам Вікторыю судзілі "за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". У дадатак да 2,5 гадоў калоніі ёй прызначылі яшчэ адзін год.
Дачка Вікторыі Аляксандра расказала, што за "парушэнні" Кульша правяла 32 дні ў ШІЗА і пяць месяцаў у ПКТ. Акрамя гэтага, Вікторыю паставілі на прафілактычны ўлік як "схільную да суіцыду" — такім чынам адміністрацыя калоніі адрэагавала на абвешчаную ў знак пратэсту галадоўку. Галадоўку Вікторыя трымала 11 дзён: дзевяць дзён была без ежы і яшчэ два — без вады. Хацела трапіць у шпіталь, дзе спадзявалася атрымаць "чалавечыя ўмовы". Акрамя таго, у турме, са слоў Вікторыі, ёй падкінулі таблетак і намякнулі, што могуць завесці крымінальную справу за "абарот наркатычных сродкаў". Пра ўсё гэта дачка даведалася на спатканні пасля суда. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны.
"Выглядае змардаванай. Схуднела: да затрымання яна была 72-75 кілаграмаў, а цяпер з выгляду — 60-63", — кажа Аляксандра.
Паводле яе слоў, Вікторыя спадзяецца, што ў СІЗА яна зможа хоць трохі адпачыць ад ШІЗА і карцараў. У гомельскоі СІЗА Кульша будзе знаходзіцца да разгляду апеляцыйнай скаргі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.