Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў выехаў за мяжу Беларусі
Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, вызвалены з-за кратаў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ, выехаў за мяжу Беларусі. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы піша @tutby_official.
Беларускія ўлады падазравалі Шклярава ў тым, што ён дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму на старце прэзідэнцкай гонкі. Паліттэхнолаг мае амерыканскі пашпарт. Яго лёс абмяркоўваў з Лукашэнкам па тэлефоне дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.
Па беларускаму тэлебачанню заявілі, што Пампеа нагадаў Лукашэнку, што ЗША — прыхільнікі суверэнітэту Беларусі і развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі. Але насамрэч дзяржсакратар заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць і выпусціць з Беларусі грамадзяніна ЗША, палітзняволенага паліттэхнолага Віталя Шклярава. Таксама Пампеа падтрымаў дэмакратычныя памкненні беларускага народа.
У нядзелю, 25 кастрычніка, ў мінскім аэрапорце заўважылі прыватны верталёт, які прыляцеў з Кіева. Адразу ж з'явілася версія, што на ім ва Украіну вывезуць Шклярава. Але яго адвакат Шклярава абверг гэтую версію.
— Віталь у Мінску, усё нармальна, ён знаходзіцца са сваёй маці. У яго маці заўтра раніцай апрамяненне. Віталь плануе паехаць заўтра з ёю. Якія верталёты, пра што вы кажаце? Ён законапаслухмяны грамадзянін, ён пад падпіскай аб нявыездзе. Ніякіх папер у дачыненні да яго — аб спыненні крымінальнага пераследу — мы не бачылі, — распавёў Еўрарадыё адвакат Шклярава Антон Гашынскі.
Шкляраў — адзін з 12 палітвязняў, з якімі ў СІЗА КДБ сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. Неўзабаве мера ўтрымання паліттэхнолага, якога ўлады падазраюць у працы на Сяргея Ціханоўскага, была змененая на падпіску аб нявыездзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.