Палітвязня Змітра Паліенку выпусцілі на волю
Палітвязень Зміцер Паліенка зранку 24 кастрычніка выйшаў на волю з бабруйскай калоніі №2. Пра гэта паведаміла ў сацсетках актывістка Марына Насенка. На мінскім вакзале яго сабраліся сустракаць сябры і паплечнікі
24-гадовага актывіста анархісцкага руху Паліенку затрымалі падчас велапрабегу "Крытычная маса" 29 красавіка 2016 года ў Мінску. Хлопца прызналі вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў — нібыта, ён парваў куртку міліцыянту пры затрыманні. Таксама Паліенку прызналі вінаватым у вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. Ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на такі ж тэрмін.
Пасля суда Паліенку некалькі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. У красавіку 2017 года яго пазбавілі адтэрміноўкі прысуду і адправілі ў калонію.
Беларускія праваабаронцы і міжнародная арганізацыя "Amnesty International" прызналі Паліенку вязнем сумлення.