У калоніі загінуў расійскі палітвязень Аляксей Навальны
Аляксей Навальны
У калоніі №3 "Палярны Воўк" у пасёлку Харп загінуў расійскі палітвязень Аляксей Навальны. Пра гэта пішуць расійскія СМІ са спасылкай на ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
Паводле афіцыйнай версіі, Навальны дрэнна адчуў сябе пасля прагулкі і амаль адразу страціў прытомнасць.
Да яго, як паведамляецца, тэрмінова прыбылі медработнікі калоніі а таксама выклікалі экіпаж хуткай дапамогі. Аднак рэанімацыя не дапамагла, лекары канстатавалі факт смерці.
Прычыны смерці высвятляюцца.
Аляксей Навальны — самы вядомы палітычны апанент Уладзіміра Пуціна ў Расіі. У 2020-м яго атруцілі "Навічком", пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Лячылі яго ў Берліне, пасля рэабілітацыі Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, дзе яго арыштавалі адразу ў аэрапорце. У 2022 годзе яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, звінаваціўшы ў махлярстве. У 2023-м Навальнаму дадалі яшчэ 19 гадоў, абвінаваціўшы ў стварэнні экстрэмісцкай супольнасці, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і закліках да экстрэмізму ў інтэрнэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.