Пасля суда над анархістамі з "Рэвалюцыйнага дзеяння" затрымалі 13 чалавек
Пасля суда над анархістамі з "Рэвалюцыйнага дзеяння" ў Мінскім гарадскім судзе затрымалі 13 чалавек, піша "Наша Ніва".
Як распавядала Еўрарадыё, сёння 10 актывістаў атрымалі вялікія тэрміны — ад 5 да 17 гадоў зняволення.
Відавочцы распавялі журналістам "Нашай Нівы", што на абвяшчэнне прысуду змагло трапіуь вельмі мала людзей. Ахвочых вельмі павольна запісвалі і абшуквалі. Потым сказалі, што суддзя ўжо ў зале, таму больш нікога не пусцяць.
"Потым з'явіўся Азаронак і пачаў груба распытваць дыпламатаў і Эвеліну Шульц (намесніцу кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі) у прыватнасці. Паблізу стаялі ціхары і слухалі, хто што яму адказвае.
Адразу пасля суда пачаўся хапун. Спачатку "ўзялі" дыпламатаў, а потым ціхары выйшлі і паказвалі каго браць, пад "раздачу" трапілі і выпадковыя людзі. Вывалаклі нават жанчыну, якая проста пісала заяву на спатканне (пасля прысуду яно даецца праз суд)", — цытуе выданне словы відавочцы.
Паведамляецца, што вілавікі затрымалі сваякоў палітвязняў, некаторых дыпламатаў, а таксама выпадковых людзей.
Сярод затрыманых маці Аляксея Галаўко Алена, яго брат Кірыл і пяць сяброў (Данііл Крашэўскі, Аляксандр Спаткай, Андрэй Уроніч, сяброўкі Ася і Алена), цётка Аляксандра Францкевіча Наталля, сваяк Паўла Шпетнага, маці палітвязняў Кіма і Аляксея Самусенкаў Людміла, праваабаронца Наста Лойка і некалькі прадстаўнікоў амбасадаў. Магчыма, затрымлівалі Эвеліну Шульц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.