Павел Вінаградаў перадаў прывітанне тым, хто прызначыў яму нагляд (відэа)
У Мінску актывісты грамадзянскай кампаніі "Zмена" вывесілі на прыпынках грамадскага транспарту нацыянальныя сцягі, а таксама плакаты з партрэтам свайго лідара Паўла Вінаградава.
У каментары тэлеканалу "Белсат" Вінаградаў патлумачыў: "Мэта акцыі — перадаць прывітанне грамадзянам, якія ўсталявалі за мной нагляд на шэсць месяцаў". У прыватнасці, актывіст перадаў прывітанне крымінальна-папраўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС і суддзі Сушко з Маскоўскага суда.
Як паведамлялася нядаўна, экс-палітвязню Паўлу Вінаградаву зноў прызначылі прэвентыўны нагляд на шэсць месяцаў. Суд Маскоўскага раёну сталіцы патлумачыў сваё рашэнне тым, што Вінаградаў нібыта так і не стаў на шлях выпраўлення.
За Плошчу-2010 Вінаградава асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі. У верасні 2011-га ён быў памілаваны паводле ўказа Лукашэнкі. Тады ж за актывістам усталявалі прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Цяпер нагляд аднавілі.