Перагрэтая эканоміка Пуціна: калі ў Расіі скончацца грошы на вайну

Уладзімір Пуцін на праўладным мітынгу

Уладзімір Пуцін на праўладным мітынгу / Татар-Информ

Надзеі Уладзіміра Пуціна на тое, што час працуе на Расію, а вайна высільвае толькі Украіну, могуць абярнуцца катастрофай для Крамля. У 2025 годзе на ваенныя выдаткі вылучылі рэкордныя 13,5 трыльёна расійскіх рублёў.

Украінскае выданне hromadske тлумачыць, як доўга Расія зможа ваяваць і ці варта разлічваць на тое, што яе эканоміка надарвецца найбліжэйшым часам.

Ваенная эканоміка Расіі

У верасні кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што з лета 2025 года сур'ёзныя эканамічныя праблемы прымусяць Крэмль задумацца аб спыненні вайны. Спасылаючыся на выведвальныя звесткі, Буданаў адзначыў, што Масква імкнецца скончыць вайну сваёй перамогай да 2026 года праз неспрыяльныя сацыяльна-палітычныя і фінансава-эканамічныя чыннікі. Бо выдаткі на вайну павялічваюцца, даходы падаюць, а дэфіцыт бюджэту расце.

У 2025 годзе на "абарону і бяспеку" — а значыць, на вайну супраць Украіны, — будзе прыходзіцца 41% выдаткаў расійскага бюджэту. Гэта на 25% больш, чым сёлета. У той жа час праект бюджэту РФ на наступныя тры гады не прадугледжвае павелічэння нафтагазавых даходаў, якія фармуюць ільвіную долю бюджэту.

Праз непрапарцыйна вялікія выдаткі на вайну істотна расце бюджэтны дэфіцыт. У 2024 годзе ён складаў 3,3 трыльёна рублёў (прыкладна 34 мільярды долараў). Каб працягваць агрэсію супраць Украіны, урад Расіі скарачае выдаткі на сацыялку, ахову здароўя, адукацыю і навуку.

Украіна таксама траціць велізарныя сродкі на абарону, якія дасягаюць каля 100 мільярдаў долараў у год. Палова з іх — з уласнага бюджэту. Другая палова — гэта зброя, якую пастаўляюць заходнія партнёры.

На думку шведскага эканаміста Андэрса Аслунда, Украіна магла б выйграць вайну, калі б мела дадатковыя 50 мільярдаў долараў на год, а таксама дазвол заходніх партнёраў наносіць удары дальнабойнай зброяй па вайсковых аб'ектах унутры Расіі.

"Захад можа забяспечыць неабходную суму, выкарыстоўваючы 300 мільярдаў долараў замарожаных расійскіх суверэнных актываў. Гэтыя грошы крытычна важныя для здольнасці Украіны супрацьстаяць агрэсару і аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць", — упэўнены эканаміст.

Перегретая экономика Путина: когда у России закончатся деньги на войну
Дзяўчынка глядзіць на варонку, якая ўтварылася ў выніку выбуху перад шматкватэрным домам у Кіеве 25 лютага 2022 года / А. Скіба for The Globe and Mail

Назад у СССР

У цяперашні час ваенна-прамысловы комплекс — адзіны сектар расійскай эканомікі, які расце. Такі дысбаланс прыводзіць да павелічэння тэмпаў інфляцыі і стварае эфект "перагрэтай эканомікі". Каб трымаць інфляцыю пад кантролем, Цэнтрабанк РФ толькі сёлета павышаў працэнтную стаўку ўжо двойчы. У ліпені — з 16% да 18%, у верасні — да 19%. Для параўнання, ва Украіне ключавая працэнтная стаўка — 13%.

Цяпер узровень інфляцыі ў Расіі складае 9,1%, і, на думку Андэрса Аслунда, рэальная інфляцыя ў гэтай краіне значна вышэйшая. Так раней адбывалася ў Савецкім Саюзе, дзе ўлады выдавалі інфляцыю за рэальны рост эканомікі, якога насамрэч не было.

Кумулятыўны эфект санкцый

Прыхаваная інфляцыя ў Расіі таксама сьведчыць, што заходнія фінансавыя санкцыі значна больш эфектыўныя, чым лічаць многія назіральнікі. Расія не мае магчымасці займаць грошы за мяжой і вымушаная жыць выключна на сродкі падаткаў і рэзерваў. Да таго ж палова яе валютных рэзерваў замарожаная ў заходніх краінах.

"У 2021 годзе Фонд нацыянальнага дабрабыту быў на піку, маючы на сваіх рахунках 183 мільярды долараў. Станам на сакавік 2024 года ліквідныя рэзервы расійскага Фонду нацыянальнага дабрабыту скараціліся да 55 мільярдаў долараў, або 2,8% ВУП. Большая частка гэтых сродкаў ужо была інвеставаная і не з'яўляецца ліквіднай", — адзначае Андэрс Аслунд.

Пры ВУП у 1,9 трыльёна долараў Расія выдаткоўвае блізу 40 мільярдаў долараў на год, каб кампенсаваць дэфіцыт бюджэту, а гэта значыць, што яе дзяржаўныя рэзервы павінны скончыцца ў наступным годзе, прагназуе Аслунд. Хоць РФ павышае падаткі на даходы фізічных і юрыдычных асоб, гэта наўрад ці дапаможа ва ўмовах стагнацыі эканомікі, а яе ўрад не можа прадаць шмат аблігацый на ўнутраным рынку, упэўнены шведскі эканаміст.

"З набліжэннем трэцяй гадавіны агрэсіўнай вайны супраць Украіны фінансавыя, тэхналагічныя і дэмаграфічныя перашкоды, з якімі сутыкаецца расійская эканоміка, з'яўляюцца больш сур'ёзнымі, чым прынята лічыць. Нягледзячы на спробы Крамля пераканаць увесь свет у тым, што ён кантралюе сітуацыю, час гуляе не на баку Расіі", — адзначае Аслунд.

Акрамя таго, Расія працягвае шукаць шляхі абыходу заходніх санкцый, імпартуючы заходнія тавары праз краіны Цэнтральнай Азіі, Турцыю і Кітай. Таксама Маскве ўдаецца абыходзіць абмежаванні на гандаль сваёй нафтай, якую дастаўляюць у Кітай і Індыю з дапамогай ценявога флоту.

Перегретая экономика Путина: когда у России закончатся деньги на войну
Украінскія вайскоўцы ў раёне Кіева падчас адступлення расійскіх войскаў у красавіку 2022 года / Вадзім Гірда, AP

Вакцынацыя расійскай эканомікі

Нягледзячы на тое, што санкцыі ўскладняюць жыццё Крамлю, дзякуючы эканамічнаму супрацоўніцтву з Кітаем, Індыяй і краінамі глабальнага Поўдня Расія трымаецца на плыні. Заходнія санкцыі маглі б быць больш эфектыўнымі, калі б іх уводзілі не паступова, а адразу, адзначыў у размове з hromadske эканамічны эксперт Аляксандр Парашчы.

"Калі б удалося цалкам ізаляваць Расію, калі б ніхто не купляў іх нафту і не пастаўляў ім зброю і тэхналогіі, то, напэўна, гэтая гісторыя хутка скончылася б. На жаль, санкцыі ўводзяць паступова, і таму ў Расіі вельмі хутка з'яўляецца да іх імунітэт. Паступовы ўвод санкцый вакцынуе расійскую эканоміку", — мяркуе экспэрт.

Нягледзячы на санкцыі, расійскі ВПК працягвае нарошчваць вытворчасць беспілотнікаў і ракет, якія маюць шмат імпартных кампанентаў. Больш за тое, 95% усіх дэталяў, знойдзеных у расійскай зброі на полі бою, атрыманыя з заходніх краін-вытворцаў, якія аказваюць Украіне вайсковую дапамогу.

Захад павінен узмацняць кантроль за сваім экспартам, кажа Аляксандр Парашчы. Хоць шчыліны, якія дазваляюць абысці санкцыі, затуляюць, знаходзяцца новыя. Але ўсё ж Расіі робіцца складаней атрымліваць патрэбныя тавары.

Зрэшты, не варта разлічваць, што эканамічны калапс разбурыць Расію ці спыніць вайну супраць Украіны, адзначае ў каментары журналіст Віталь Портнікаў.

"Эканамічны калапс і дэзінтэграцыя ў Расіі магчымыя, але ўзнікае пытанне — калі? Усім было ясна, што ўварванне СССР у Афганістан прывядзе да цяжкіх наступстваў. Зрэшты, гэтая вайна працягвалася дзевяць гадоў, — нагадвае Портнікаў. — У 1988 годзе Савецкі Саюз вывеў свае войскі з Афганістана. Аднак пасля заканчэння вайны СССР праіснаваў яшчэ тры гады. Таму Украіна павінна думаць пра гарантыі бяспекі, а не пра праблемы, з якімі сутыкаецца расійская эканоміка".

Калі падтрымка Захаду не будзе аслабленая, разлікі Уладзіміра Пуціна на тое, што Расія здольная выйграць вайну на знясіленне, могуць выявіцца памылковымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі