Польскі аналітык перасцерагае Украіну ад пагардлівага стаўлення да беларусаў

Кніга падзякаў у доме, які беларусы арэндуюць для беларускіх і ўкраінскіх бежанцаў / Euroradio
Кніга падзякаў у доме, які беларусы арэндуюць для беларускіх і ўкраінскіх бежанцаў / Euroradio

Украінцы робяць у адносінах да беларусаў тую ж памылку, што рабілі расіяне ў адносінах да ўкраінцаў, лічыць польскі журналіст і сацыёлаг Славамір Серакоўскі. Пра тое, як украінцам і беларусам варта выбудоўваць свае адносіны, ён размаўляў з рэдактаркай Еўрарадыё Марыяй Калеснікавай.

— Мне падаецца, што ва ўкраінцаў ёсць пачуццё перавагі, і ім уласцівае перакладанне сваёй перспектывы на цалкам іншы кантэкст. Беларусь — іншая краіна, іншае грамадства. А ўкраінцы робяць тую самую памылку ў адносінах да беларусаў, якую расіяне рабілі ў адносінах да украінцаў.

Чаму беларусы не змагаліся з Лукашэнкам зброяй? Бо не былі ў той самай сітуацыі, што ўкраінцы. Украінцы заўсёды мелі шмат розных партый у парламенце, алігархаў з усіх магчымых бакоў — прарасійскіх, антырасійскіх і г.д. І палова Украіны — вельмі празаходняя і антырасійская, у тым ліку людзі ва ўладзе і паліцыі. Тут два бакі былі моцныя і мелі фундамент. А ў Беларусі гэтага няма. У Беларусі вайсковы, лагістычны, фінансавы фундамент меў толькі Лукашэнка.

Серакоўскі згадвае бронемашыны на вуліцах Мінска і канстатуе: не, у Беларусі Майдан быў немагчымы. Ён перасцерагае Украіну ад пагардлівага стаўлення да беларусаў.

— Будзе вельмі кепска, калі Украіна выйграе вайну і адчуе, што ёй можна ўвогуле ўсё і што яна абсалютна бязгрэшная. Тады яна можа страціць павагу, якую заслужыла, змагаючыся цяпер. І рэальна, што полем, на якім гэта можа праявіцца, можа стаць Беларусь. Але мне падаецца, што тады рэакцыя Польшчы і Германіі будзе вельмі прынцыповай.

Тое, што Байдэн у прамове ў Варшаве згадаў таксама Беларусь, хоць і не меў нейкай канкрэтнай нагоды, было сігналам: мы памятаем, мы з беларусамі і ведаем, на чыім баку беларусы ў гэтай вайне. Лічу, што гэта было вельмі важна і што гэта быў таксама важны сігнал Кіеву.

Поўную размову са Славамірам Серакоўскім можна паглядзець на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі