Прадказанні для дыктатуры: што прадракаюць Беларусі і Лукашэнку ў 2022-м
Што прадказваюць Лукашэнку і Беларусі? / калаж Еўрарадыё
"Калі сыдзе Лукашэнка" і "Беларусь прагнозы на будучыню" — гэтыя пошукавыя запыты досыць папулярныя ў краіне. На фоне палітычнага крызісу многія глядзяць прадказанні разнастайных астролагаў і майстроў картаў таро: або для заспакаення, або са шчырай веры ў розную варажбу.
Еўрарадыё паглядзела, якія прадказанні робяць для Беларусі і Лукашэнкі на 2022 год. Як кажуць, "будзет очэнь інцярэсна".
Чакае перамога?
Адзін з самых папулярных сярод беларусаў прадказальнікаў назваў свой канал "Рамір Таро". У раскладах на 2022-ы ён аптымістычны: кажа, "нешта будзе вырашальнае, перамога нейкая чакае".
"Найвышэйшыя сілы пачнуць умешвацца, таму што людзі ўжо не ў стане нешта вырашаць. [...] Выніковая карта — дзявятка посахаў, гэта значыць адстойванне сваіх пазіцый. У кожным разе, будзе ў вас жаданне ці не, ці будуць сілы, але вам давядзецца гэта рабіць, інакш у вас усё адбяруць", — кажа ён.
Адначасова карты прадказваюць заняпад эканомікі і "рабаванне краіны". Таксама Рамір кажа, што ў 2022-м сапсуюцца адносіны Беларусі і Расіі: ад апошняй будуць ісці сапраўдныя пагрозы.
Але па ўнутрыпалітычнай сітуацыі яшчэ адна калода дае цалкам аптымістычны для часткі беларусаў прагноз:
"Будзе разбурэнне ўлады, заняпад сіл імператара [так называецца карта]... Тут або пераварот будзе які-небудзь. Таму што, бачыце, будзе наспяваць незадаволенасць. Гэта перарасце ў нешта новае — хутчэй за ўсё, гэта будзе ў цёплую пару года. Перарасце ў вельмі моцную незадаволенасць: рыцар мячоў — гэта ваяўнічасць. Будзе і спроба захаваць сваё: спроба захаваць сваю ўладу, але гэта будзе няўдала".
На іншым відэа Рамір, абапіраючыся на карты таро, таксама кажа, што Лукашэнка "будзе пераможаны", але пры гэтым ён будзе ў 2022-м "максімальна доўга ўтрымліваць свае пазіцыі".
"У яго дзве дарогі: калі атрымаецца з кімсьці дамовіцца або прыняць правільнае для яго рашэнне, то пазіцыі будуць утрымлівацца. Калі ж гэтага не адбудзецца, таму што вядзецца нейкая работа калектыўная, то адбудзецца яго падзенне".
Са здароўем будуць праблемы: выпалі карты "Смерць" і "Пустэльнік", але "яго могуць выратаваць".
Беларусь чакаюць узрушэнні?
Майстарка таро Лізавета Гарус без лішняй сціпласці назвала свой ролік з прадказаннем "Сенсацыйны прагноз Таро Фараона на 2022 год для Беларусі".
"Нейкія разбурэнні, узрушэнні будуць, але яны будуць негрунтоўныя", — кажа варажбітка пра лёс Беларусі ў 2022-м.
У пачатку года ўсё застанецца на сваіх месцах, работа ўсёй улады будзе накіраваная на ўмацаванне "трона", дадае яна.
"Трон сам, можа, і будзе моцны, а вось чалавек, які на ім сядзіць, — падае. Тут, на карце пяцёрка чараў, паказана падзенне, літаральна на дно. І падзенне гэта адбудзецца з дапамогай іншых нейкіх сіл, іншага чалавека, іншай улады... Можа быць, гэта адбудзецца нават занадта нечакана ці хутка для таго, каб можна было ўсвядоміць прычыны", — кажа прадракальніца.
Але сама сістэма ўлады, па яе словах, асабліва не зменіцца: многія людзі застануцца на сваіх месцах.
"Выходзіць на арэну іншы чалавек, іншы кароль. Мы можам выказаць здагадку, што нейкі іншы чалавек зойме месца кіраўніка дзяржавы, але ён кіраваны. Хтосьці яму ўвесь час падказвае, кажа, як рабіць", — дадае яна.
У выніку год павінен для Беларусі скончыцца добра, кажа яна на заканчэнне.
Як сыдзе Лукашэнка
У самых папулярных відэа з прадказаннямі дакладнага адказу на пытанне пра тое, калі Лукашэнка сыдзе, няма. Але пры гэтым многія расказваюць, як менавіта ён сыдзе. Гавораць шмат і пра тое, калі сітуацыя стане больш прадказальнай. І — нечакана — пра інтэграцыю з Расіяй.
"Майстар кітайскай метафізікі" Давід Вуку кажа наступнае:
"Трэба асабліва ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў лютым гэтага года, бо знакі месяца супадаюць са знакамі энергіі года. І па лютым будуць зразумелыя вектары развіцця падзей гэтага года", — кажа Давід.
Наступны год будзе няпросты "ў чарадзе іншых няпростых гадоў", але сказаў, што ў выніку "прыйдзе святло".
Таццяна Калініна са школы прагнозаў "Альфа" кажа, што зрабіць астралагічны прагноз на 2022-і яе прасілі многія падпісчыкі.
"Мы знаходзімся ў сярэдзіне перыяду Меркурыя. Што ён нам абяцае? Ён, у прынцыпе, стаіць у добрых камбінацыях, у сёмым доме. Гэта гаворыць нам пра тое, што вайны не будзе. Але Меркурый прайграе ў планетнай вайне: ён знаходзіцца вельмі блізка да іншых планет. Гэта значыць, што ўсе тыя аб'яднанні, якія могуць быць да 2024 года, — гэта будуць фармальныя, але не рэальныя дзеянні", — кажа Таццяна, згадваючы асобна Саюзную дзяржаву.
Пры гэтым гараскоп кажа, што Беларусь будзе ўваходзіць у нейкія аб'яднанні.
Нейкая важная асоба ў дзяржаве можа знікнуць, але не з улады, удакладняе яна.
"Акадэмік астралогіі" Міхаіл Левін у каментары для Daily Storm адважыўся выказаць здагадку пра час сыходу Лукашэнкі.
"Мяркуючы па ўсім, 2025-ы для яго гранічны, хоць, магчыма, зляціць і раней. 2022-і для яго цяжкі, вельмі цяжкі, таму што там ідзе нарастанне пратэставых рухаў у мяккай форме, дэмакратычных. Тут наогул паказчык крызісу вельмі моцны. Гранічна, я думаю, што 2025-ы ён не пераседзіць — гэта дакладна, а магчыма, і 2022-і стане для яго апошнім", — сказаў ён.
А вось што пра лёс Лукашэнкі сказаў іншы папулярны расійскі астролаг Улад Рос: "Лукашэнку чакае лёс Чаўшэску, і ўсё вырашыць або адзін стрэл, або тронак рыдлёўкі. Усё тое, што нядаўна адбывалася на Гаіці, дзе зрынулі ўзурпатара, можа адбыцца і ў Беларусі. Беларусы — мірны і спакойны народ, але раптоўна і ў іх усё гэта можа здарыцца", — кажа ён і дадае, што не выключае палацавага перавароту.
Яшчэ адзін астролаг — Таццяна Станіславіч — кажа, што, па гараскопе, у зрынанні ўлады ў Беларусі "будуць удзельнічаць таемныя магутныя сілы". "Не апошнюю ролю ў гэтых падзеях будуць адыгрываць фінансы і буйны капітал", — дадае яна.
Пры гэтым транзіт улады, па яе словах, павінен прайсці да 6 студзеня 2022-га. Мяркуючы па ўсім, у гэтым выпадку прагноз не зусім дакладны.
Наколькі верыць прагнозам — вырашаць вам. Для параўнання можаце пачытаць пра тое, якія прадказанні рабілі на сыход Лукашэнкі ў канцы 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.