Прафесар Іофе пра Беларусь: “Сядзець на двух крэслах — больш не нявернасць”

Прафесар Іофе пра Беларусь: “Сядзець на двух крэслах — больш не нявернасць”

Міжнародная канферэнцыя “Мінскі дыялог” — асэнсаванне міжнароднай бяспекі ў Беларусі” праходзіць 5 траўня ў Мінску. У праграме — выступы знаных экспертаў з гучнымі пасадамі з ЗША, Еўропы, Беларусі.

“Мы найперш будзем аналізаваць заходні кірунак міжнароднай бяспекі Беларусі, таму, да прыкладу, украінскіх экспертаў на канферэнцыі няма — пераважна заходнія”, — тлумачыць кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман.

Тым не менш знаходжу ў праграме імя расійскага эксперта з Цэнтра комплексных еўрапейскіх і міжнародных даследаванняў Андрэя Скрыбы.

Тон асэнсавання міжнароднай бяспекі Беларусі ад пачатку задае прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду з ЗША Глен Ховард.

“Беларусь цяпер па-рознаму апісваюць, і я думаю, што вельмі важна ўлічваць незалежнасць, суверэнітэт і баланс, якія Беларусь захоўвае паміж двума цэнтрамі сілы. Геапалітыка Беларусі цяпер лепшая за ранейшую, я нават думаю, што гэта пачатак новага геапалітычнага перыяду для Беларусі, які надалей будзе вельмі інтэнсіўным. Што яшчэ важна для краін — сябраў NATO, краін Балтыі, такіх нейтральных дзяржаў, як Швецыя і Фінляндыя — што Беларусь грае вялікую ролю ў іх бяспецы. Што, у прыватнасці, Беларусь грае вялікую ролю ў Балтыйскім рэгіёне”.

Адпаведна, робіць выснову эксперт, Захаду трэба з увагай і павагай ставіцца да Беларусі. Падначалены Глена Ховарда, старшы навуковы супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду Уладзімір Сокар, якія выступае першым з паўнавартасным дакладам, хутка арыентуецца: “Мой даклад меў назву “Асэнсаванне Беларусі на Захадзе”, але я яе змяняю на “Неразуменне Беларусі на Захадзе”. І працягвае здзіўляць цягам выступу

“Праз гэтае неразуменне на Захадзе пачалі ставіцца да Беларусі як да апошняй дыктатуры ў Еўропе. Што было неадпаведнай тэорыяй — яна не брала да ўвагі незалежнае развіццё Беларусі і ўнікальную ролю прэзідэнта Лукашэнкі як гаранта беларускай незалежнасці”, — папракае Захад Уладзімір Сокар.

У выніку такога стаўлення, гнеўна азіраючы з-пад акуляраў прысутных, працягвае амерыканскі эксперт, ЕС і ЗША апынуліся ў сітуацыі адсутнасці ўзаемаадносінаў з уладамі Беларусі. Адсюль — слабая інфармаванасць “пра ўнутранае развіццё краіны”, немагчымасць выбудоўваць канструктыўныя адносіны. Толькі цяпер, канстатуе Уладзімір Сокар, Захад разумее важнасць адносінаў на найвышэйшым узроўні. Эксперт робіць нечаканую выснову: “Самым важным з’яўляецца дзяржава і незалежнасць, а потым ідзе дэмакратыя ў выніку эвалюцыйных працэсаў”. І ізноў пра Лукашэнку так, як нават айчынныя прыхільнікі не дадумваюцца…

Уладзімір Сокар: “Роля прэзідэнта Лукашэнкі нагадвае ролю, якую раней гралі людзі, што з нуля выбудоўвалі нацыянальныя дзяржавы. Такіх, як Юзаф Пілсудскі ў Польшчы, Томаш Масарык у Чэхаславакіі, Мустафа Атацюрк у Турцыі і сёння — Эльдар Аліеў у Азербайджане. Я змяшчаю Аляксандра Лукашэнку ў галерэю гэтых нацыянальных лідараў і заснавальнікаў дзяржаў. Нейтралітэт Беларусі з’яўляецца вялікім унёскам у бяспеку Украіны і краін Балтыі. Галоўны прыярытэт — захоўваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі як дзяржавы, гэта неаддзельна ад ролі і дзейнасці прэзідэнта Лукашэнкі”.

Пра неабходнасць “захаваць незалежнасць суверэннай Беларусі” кажа і праграмны дырэктар па Беларусі нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра Вольфганг Зэндэр. Па яго словах, уцягванне Беларусі ў канфрантацыю Расіі і Захаду не ў інтарэсах абодвух. Але што маем сёння на фоне пашырэнне прысутнасці NATO ў краінах Балтыі?

Вольфганг Зэндэр: “Расія ставіць нас перад фактам, што яна ў адказ будзе размяшчаць батальёны, у тым ліку ў Смаленску. Мяне гэта здзіўляе, бо Смаленск знаходзіцца каля Беларусі, а не побач з нейкай з краін NATO. А нядаўняе абмеркаванне магчымасці размяшчэння базы расійскіх ВВС у Беларусі раскрывае патэнцыйныя наступствы для Беларусі гэтай спіралі ўзаемных узбраенняў. І тут пытанне: як доўга Беларусь зможа заставацца па-за гэтай канфрантацыяй, не прымаючы бок аднаго з цэнтраў сілы?”

Увогуле, на думку нямецкага эксперта, размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі новых расійскіх вайскоўцаў “павялічвае пагрозу выпадковай вайны”.

Але як доўга Беларусь зможа сядзець на геапалітычным шпагаце, задае пытанне прафесар амерыканскага Рэдфардскага ўніверсітэта Рыгор Іофе. Які таксама не абыходзіцца без рэверансаў у бок кіраўніка краіны: ён і збярог Беларусь ад сённяшняга лёсу Украіны — ад хаосу ў выніку жадання ўкраінскіх уладаў сядзець на адным, еўрапейскім, крэсле, і карысць эканамічную для сваёй краіны з гэтай сітуацыі атрымаў. Калі коратка, то з дакладу амерыканскага прафесара вынікае, што толькі арыентацыя на палітыку “і вашым і нашым” сёння самая правільная.

Іофе: “Сядзець на двух крэслах — гэта больш не значыць нявернасць. Гэта вельмі важны момант для нацыянальнага выжывання Беларусі. І я ўпэўнены, што Беларусь будзе сябе адчуваць вельмі ўтульна на двух крэслах”.

Такая вось атмасфера падтрымкі дзеянняў афіцыйнага Мінска на міжнароднай арэне. Слухаючы выступоўцаў, пачынаеш разумець прынцыповасць у міжнародных пытаннях беларускіх чыноўнікаў. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў у адказ на пытанне пра чаканне Захаду палітычных рэформ у Беларусі гаворыць знаёмае: “Ніякага знешняга ўціску мы не пацерпім”. Гэта ён.

Валянцін Рыбакоў: “Хай ад нас чакаюць чаго заўгодна! Мы будзем рабіць тое, што трэба, што выгадна і неабходна Беларусі і беларускаму народу, а не любым іншым краінам, урадам ці народам. Хай больш уважліва глядзяць на нашы дзеянні, на тое, які мы робім унёсак у тым ліку і ў пытанні бяспекі — і рэгіянальнай, і глабальнай. Нічога пад дыктоўку каго б там ні было мы рабіць не будзем!” 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі