Пракуратура Брэстчыны выявіла сёлета амаль 200 "экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Пракуратура Брэсцкай вобласці
За першае паўгоддзе 2024-га пракурорскія работнікі Брэсцкай вобласці накіравалі ў суды 194 заявы аб прызнанні інфармацыйных крыніц "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Пра гэта паведамляе прэс-служба абласной пракуратуры.
Па стане на 1 ліпеня з іх ужо разгледжана 185 заяў і яшчэ 9 знаходзяцца на разглядзе ў судзе.
Пракуроры хваляцца, што з іх падачы "экстрэмісцкімі матэрыяламі" былі прызнаныя 87 тэлеграм-чатаў (каналаў), 27 акаўнтаў у Фэйсбуку, 14 старонак у Інстаграме, сем інтэрнэт-сайтаў, сем акаўнтаў у сацсетцы "Аднакласнікі", 14 акаўнтаў у ТікТок, 14 акаўнтаў у сацсетцы "Вконтакте", шэсць кніг, адна інтэрнэт-старонка ў X (экс-Твітар), шэсць каналаў на YouTube і дзве групы ў месенджары Viber.
Сярод "экстрэмісцкіх матэрыялаў" яны пералічваюць тг-канал "Народны рэпарцёр", акаўнты Аляксандрв Кабанава і Сяргея Пятрухіна ў Фэйсбуку, акаўнт Пятрухіна ў сацсетцы "Аднакласнікі".
Таксама тэрытарыяльныя пракуроры накіравалі ў Брэсцкую абласную экспертную камісію матэрыялы на яшчэ чатыры крыніцы — хочуць высветліць "наяўнасць у іх прыкмет экстрэмізму".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.