Пуцін паспрабаваў перакруціць гісторыю ВКЛ — і заблытаўся. Фактчэк

Гісторыя ВКЛ ад Пуціна

Гісторыя ВКЛ ад Пуціна / @rubanau_collage

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін спрабаваў расказаць амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, але заблытаўся пасля ўдакладняльнага пытання.

Некалькі хвілін Пуцін натхнёна расказваў Карлсану пра "апалячванне рускіх" у ВКЛ. Спярша — пра аб'яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства (відавочна, гаворка ідзе пра Люблінскую унію). Потым — рэлігійную (Берасцейскую) унію, пагадненне, якое прадугледжвала аб'яднанне праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у Рэчы Паспалітай.

— Такім чынам гэтыя землі аказаліся ў складзе польска-літоўскай дзяржавы. Але палякі цягам дзесяцігоддзяў займаліся апалячваннем гэтай часткі насельніцтва, сталі ўкараняць ідэю, што гэта не зусім рускія.

Яны ўсяляк апалячвалі і ставіліся да гэтай часткі рускіх зямель жорстка, калі не сказаць жахліва.

— Маглі б вы сказаць нам, я згубіўся, у якія гады гэта было? — перапытаў Карлсан.

— Гэта было ў XIII стагоддзі. У XIII-XIV стагоддзі. У XIII стагоддзі. Гэта было ў XIII стагоддзі.

Падчас інтэрв'ю на вуха Пуціна быў надзеты навушнік для сінхроннага перакладу. Але, відавочна, перакладчык не змог падказаць расійскаму прэзідэнту правільныя даты гістарычных падзей, пра якія ён так натхнёна расказваў. У выніку Пуцін у сваёй версіі гісторыі памыліўся на 300 гадоў.

Нагадваем чытачам Еўрарадыё: Люблінская унія, якая прадугледжвала аб'яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства ў дзяржаву Рэч Паспалітая, была заключаная ў 1569 годзе. Рэлігійная Берасцейская унія — у 1596 годзе. То-бок абедзве гэтыя падзеі адбыліся ў XVI стагоддзі.

У XIII стагоддзі, пра які кажа Пуцін, была заключаная Крэўская унія, якая прадугледжвала вайскова-палітычны саюз паміж ВКЛ і Польскім Каралеўствам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі