Пяцярых памочнікаў мігрантаў судзяць у Польшчы, яны кажуць пра маральны абавязак

Суд у Гайнаўцы за дапамогу мігрантам / Agencja Wyborcza.pl
У польскай Гайнаўцы пачаўся гучны судовы працэс за дапамогу нелегальнай міграцыі праз беларуска-польскую мяжу. На лаву падсудных трапілі не перавозчыкі ці арганізатары трафіку, а актывісты, якія дапамагалі мігрантам, у тым ліку ежай і адзеннем.
Працэс выклікаў вялікі розгалас у Польшчы. Каля будынка суда прайшоў мітынг.
Як піша MOST, абвінавачванні выставілі пяцярым актывістам. Адна з іх, Эва Наталля Мароз-Кечыньска, — этнаграфіня і выкладчыца з Падляшша. Яшчэ тры абвінавачаныя паходзяць з розных рэгіёнаў Польшчы, а апошні мае грамадзянства іншай краіны, таму яго яшчэ раней выслалі з Польшчы.
Судовыя пасяджэнні вырашана праводзіць часткова закрытымі — дзеля інтарэсаў дзяржбяспекі.
Абвінавачванне заяўляе, што актывісты не толькі давалі мігрантам ежу і прытулак, але і дапамогамлі ім у перамяшчэнні па тэрыторыі Польшчы. Пракуратура мяркуе, што яны атрымлівалі з гэтага асабістую выгаду. Самі абвінавачаныя кажуць, што збіраліся не перавозіць мігрантаў углыб Польшчы, а проста вывезці з лесу, дзе ім было небяспечна. Таксама абвінавачанне заяўляе, што адзін з абвінавачаных даў мігрантам прытулак і даваў ім інфармацыю на выпадак затрымання.
За садзейнічанне мігрантам актывістам можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы, якія выступаюць на баку падсудных валангцёраў, кажуць, што дапамога людзям, якія апынуліся ў небяспечнай сітуацыі, лічыцца маральным абавязкам, а не злачынствам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.