Расійскага апазіцыянера Яшына асудзіла на 8,5 года за "фэйкі пра войска"
Ілля Яшын / EPA-EFE, MAXIM SHIPENKOV
Расійскаму палітыку Іллю Яшыну прысудзілі 8,5 года калоніі па абвінавачанні ў распаўсюдзе "фэйкаў" пра дзеянні расійскага войска ў Бучы, піша "Новая газета". Такі прысуд вынес Мяшчанскі раённы суд Масквы. Таксама Яшыну забаранілі адміністраваць сайты на чатыры гады.
Падставай для крымінальнай справы стаў стрым Яшына, у якім ён расказваў пра забойствы ў Бучы. Пры гэтым расіянін агучыў пазіцыі абодвух бакоў — і Мінабароны РФ, і ўкраінскіх сіл.
Следчыя ж заявілі, быццам фатаграфіі і матэрыялы, апублікаваныя ўкраінскім бокам, — гэта "правакацыя". І Яшын, маўляў, ведаў пра гэта. Даклады АБСЕ і ААН пра падзеі ў Бучы пракурор на судзе назваў "прадузятымі, аднабаковымі і варожымі".
Яшына арыштавалі 13 ліпеня, з таго часу ён знаходзіўся пад арыштам.
Крымінальную адказнасць за распаўсюд "фэйкаў пра войска" ў Расіі ўвялі пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.