Расійскіх хакеістаў пакаралі за дэмарш у Мінску

Дэмарш расійскіх хакеістаў у Мінску 

Дэмарш расійскіх хакеістаў у Мінску  / Федэрацыя хакея РФ

За дэмарш у Мінску пакаралі расійскіх хакеістаў. Адпаведнае рашэнне прыняў 29 лютага Дысцыплінарны Камітэт Федэрацыі хакея Расіі.

Галоўнаму трэнеру юніёрскай зборнай Расіі Аляксандру Цітову на паўгода забаранілі трэнерскую дзейнасць у зборных камандах Расіі. А тры хакеісты юніёрскай зборнай: брамнік Пётр Андрэянаў, нападнікі Ягор Сурын і Вадзім Дудараў — дыскваліфікаваныя на тры матчы ў складзе зборных камандаў Расіі. Таксама гэтым тром хакеістам прызначаны выпрабавальны тэрмін шэсць месяцаў. Пры паўторным парушэнні на працягу гэтага перыяду санкцыі будуць больш строгія.

Інцыдэнт, які стаў прычынай пакарання, адбыўся 10 лютага пасля фінальнага матчу "Кубка будучыні" ў Мінску, дзе гулялі моладзевая зборная Беларусі і юніёрская зборная Расіі. Беларуская каманда спярша вяла з лікам 3:0, потым прайгравала 3:5, але ў авертайме змагла перамагчы — 6:5.

Расіяне палічылі, што судзейства было несправядлівым. І пасля матчу некалькі хакеістаў на знак пратэсту адмовіліся забіраць прызы ад арганізатараў турніру. Асаблівае абурэнне гэта выклікала ў Дзмітрыя Баскава, які працягвае ўдзельнічаць у хакейных імпрэзах, нягледзячы на пяцігадовы бан ад Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі