Расійскія "дальнабоі" ідуць маршам на Маскву па аб'язных дарогах

Расійскія "дальнабоі" ідуць маршам на Маскву па аб'язных дарогах

На панядзелак, 30 лістапада, у Маскве была запланаваная самая маштабная акцыя пратэсту дальнабойшчыкаў. Хваляванні расійскіх кіроўцаў доўжацца з 11 лістапада. А 30 лістапада прадстаўнікі 17 рэгіёнаў вырашылі перакрыць МКАД.

Кіроўцы выступаюць супраць новай сістэмы "Платон", якая прадугледжвае спагнанне платы за праезд па федэральных трасах грузавікоў масай больш за 12 т. Як падлічыла агенцтва РБК, ад пачатку хваляванняў разнастайныя акцыі пратэсту прайшлі па меншай меры ў 24 рэгіёнах.

Самыя маштабная акцыя прайшла ў Дагестане: да 18 лістапада ў рэспубліцы страйкавалі больш за 17 тысяч чалавек, машыны расцягнуліся па ўзбочыне трас на 57 км. Магутныя хвалявання прайшлі таксама ў Пецярбургу і Ленінградскай вобласці: напрыканцы мінулага тыдня каля 200 аўтамабіляў прыехалі ў цэнтр Пецярбурга, каб сустрэцца з уладамі, аднак так і не дачакаліся сустрэчы.

Мінтранс Расіі ў нядзелю паведаміў, што грузавы транспарт на федэральных трасах ідзе ў штатным рэжыме. Міжрэгіянальны прафсаюз дальнабойшчыкаў паведаміў, што акцыю пратэсту вырашылі адкласці на некалькі дзён. Да 3 снежня прафсаюз будзе чакаць, каб улады адмянілі сістэму "Платон".

Але расійскія СМІ паведамляюць, што міліцыя затрымала каардынатараў пецярбургскіх дальнабойшчыкаў. Актывісты ў сацсетках паведамляюць, што і ў іншых рэгіёнах Расіі — Калмыкіі, Ніжнім Ноўгарадзе, Іванаўскай, Смаленскай абласцях — супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі перашкаджаць падрыхтоўцы да маскоўскай акцыі дальнабойшчыкаў: каардынатараў пратэсту затрымліваюць, пустыя фуры не прапускаюць праз пасты ДПС, а з кіроўцаў гружаных аўтамабіляў бяруць распіску не ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях пратэсту. Паведамляецца, быццам каля сотні фур трымаюць на стаянцы пад Ніжнім Ноўгарадам.

Прадстаўнік санкт-пецярбургскіх дальнабойшчыкаў Аляксандр Растаргуеў кажа, што многія ўдзельнікі панядзелкавай акцыі адправіліся ў Маскву аб'язнымі дарогамі, каб пазбегнуць пастоў ДПС. Па звестках у сацсетцы "Вконтакте", у бок расійскай сталіцы таксама едуць фуры з Краснадарскага краю, Валагодскай вобласці, Валгаграда і Рэспублікі Дагестан.

Фота: ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі