Рэйкавая вайна: партызаны перашкаджаюць вайсковым эшалонам ехаць ва Украіну
Што адбываецца на беларускай чыгунцы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
На мінскім вакзале натоўпы ахвотных купіць білет: сістэма анлайн-продажу квіткоў не працуе ўжо некалькі дзён. Нядаўна незадаволеных пачалі адпраўляць у бот Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, маўляў, хай там адкажуць, чаму квіткі ў інтэрнэце купіць нельга. Уладальнік супольнасці адказваў так:
— Базы ўзламаныя, ідзе рэйкавая вайна. Раю адпраўляцца ў касы.
Супольнасцю кіруе Сяргей Вайцяховіч, сябра "Рабочага Руху". Тры з паловай гады ён працаваў у вагоннай гаспадарцы Мінскага дэпо. У кастрычніку 2020 года ён расказваў, як замыкаць чыгуначныя пуці, каб запаволіць цягнікі з грузамі.
Тады быў пратэст, цяпер — вайна. На беларускай чыгунцы спальваюць абсталяванне, выводзяць са строю святлафоры. Вынік — эшалоны з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай перасталі пераганяць саставы па беларускай чыгунцы ноччу.
Сёння стала вядома, што генпракурор Беларусі распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле — смяротнае пакаранне.
Следчыя лічаць, што мэта дыверсій — не спыненне руху ваенных эшалонаў ва Украіну, а катастрофы і гібель людзей.
"Было сакрэтна, стала "зусім сакрэтна"
Яшчэ 24 лістапада ў сваім тэлеграм-канале Сяргей пісаў пра магчымую падрыхтоўку маштабнага перакідання расійскіх войскаў. Тады ў рамках АДКБ у Маскве абмяркоўвалі стварэнне адзінай сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак.
З таго дня беларускі і расійскі генштабы пачалі шчыльна працаваць над перакіданнем войскаў. Сяргей кажа, што з гэтай нарады ў рамках АДКБ было зразумела, што беларусаў там ніхто не слухае.
— Расія дэкларатыўна заяўляла свае патрабаванні па перавозках, беларусы выконвалі. Расіяне проста прадыктавалі, як будзе, а потым падпісалі пратакол рашэння з пастаноўчай часткай.
Я пісаў пра выніковы дакумент гэтай нарады. Яны тады прыйшлі да агульнага меркавання, што дзеля прасоўвання і перакідання воінскіх эшалонаў можна карэктаваць графік і ставіць пад абгон нават пасажырскія цягнікі.
[Гэта значыць, што калі цягніку з вайсковай тэхнікай трэба тэрмінова праехаць па маршруце, то пасажырскі састаў паставяць на бакавы пуць. — Еўрарадыё]
— У часе вучэнняў "Захад-2021" усе звязаныя з імі дакументы ішлі пад грыфам сакрэтна. Пасля таго як я іх апублікаваў, сталі ісці пад грыфам "зусім сакрэтна".
З гэтымі дакументамі працуе абмежаванае кола людзей, сфоткать іх нерэальна, тэлефоны забіраюць. Пакой, у якім працуюць з дакументамі, цалкам ізаляваны ад знешняга свету. Імкнуцца пазбягаць уцечак.
"Такога перакідання не было з моманту развалу СССР"
З восені да пачатку канфлікту на тэрыторыю РБ заехала 200 воінскіх эшалонаў. Такога перакідання не было з моманту развалу СССР, кажа Сяргей.
Для перакідання задзейнічалі ў асноўным чыгунку, таму што праз аэрапорты можна перакінуць толькі жывую сілу і нешматлікае ўзбраенне. Колькі можна перавезці ў вагонах? Лічым.
— У адным воінскім эшалоне ў сярэднім 50-60 вагонаў. Звычайна 10 пасажырскіх вагонаў з асабовым складам. У адзін вагон змяшчаецца 54 чалавекі. Плюс ахова боепрыпасаў і вайсковай тэхнікі — яшчэ чалавек 10. Едуць яны ў асобным крытым вагоне, пераабсталяваным пад перавозку людзей, у якім ставіцца буржуйка.
У крытых вагонах едуць боепрыпасы і тэхніка на платформах. Зразумець, якую менавіта тэхніку вязуць эшалонамі, даволі складана. "Кропкі У", "Грады", "Смерчы" — усё гэта ехала, накрытае тэнтамі. Я спрабаваў атрымаць канкрэтыку з таварных накладных, але там пазначана толькі "вайсковая тэхніка". Высветліць, якая менавіта, можна хіба што па вазе.
Дзе разгружаюць эшалоны? Такія станцыі ёсць ва ўсіх аддзяленнях чыгункі, іх вельмі шмат. Усю тэхніку да паўднёвай мяжы перакінулі за два тыдні да пачатку вайны.
Да 22-23 лютага перакіданне скончылі. Усё ўжо было падрыхтавана.
Кожнай шафе па сілавіку
У рэйкавых партызанаў таксама ўсё гатова. І Сяргей кажа, што зараз усё будзе не так, як у 2020 годзе.
— Цяпер партызаны фізічна прыводзяць у непрыдатнасць шляхі зносін. Напрыклад, партызаны паляць шафы кіравання СЦБ. У шафе ўсё выгарае. Дыспетчар бачыць, што на ўчастку адбываецца нешта ненармальнае, адпраўляе туды электрамеханіка. Той прыязджае, дакладвае абстаноўку, прыступае да рамонтных дзеянняў. Рух у такім выпадку цалкам спыняецца да спецыяльнага распараджэння. Прапускная здольнасць вельмі рэжацца.
СЦБ расшыфроўваецца як сігналізацыя, цэнтралізацыя, блакаванне. Калі гэтую апаратуру выводзяць са строю, то цягнік з рэек не сыдзе, але на рамонт можа спатрэбіцца ад некалькіх гадзін да сутак.
— Расійскія эшалоны перасталі хадзіць ноччу, таму што Беларуская чыгунка не ў стане забяспечыць абарону сваёй інфраструктуры. Думаюць, як з гэтым змагацца. Адзінае, да чаго яны дадумаліся, — паставіць аднаго сілавіка да кожнай шафы. Іх проста паднялі ўначы і выставілі пры шафах.
"Паўтары гадзіны па ўсёй краіне гарэў чырвоны сігнал святлафора"
Да пачатку вайны "Кібер-Партызаны" ўжо былі ўнутры камп'ютарнай сеткі. Праз пару дзён пасля яе пачатку адключыліся ўсе маршрутызатары. Гэта зачапіла "Нёман" — дыспетчарскую сістэму, якая кіруе святлафорамі і стрэлачнымі пераводамі. На практыцы гэта азначала, што паўтары гадзіны па ўсёй краіне гарэў чырвоны сігнал святлафора.
— Сам факт таго, што ўдалося атрымаць доступ да той падсеткі, у якой быў "Нёман", — гэта надзвычайнае здарэнне. Калі б гэта былі рэальныя тэрарысты, яны маглі б арганізаваць крушэнне. У сістэму ўкараніліся на вельмі глыбокім узроўні.
Са строю было выведзена мноства сістэм, аднаўляюць пакуль у першую чаргу тыя, якія звязаны з рухам цягнікоў. І ў іх гэта вельмі дрэнна атрымліваецца, таму што шмат талковых спецыялістаў звольнілі па палітычных матывах.
"Нёман" усё-ткі паднялі, але некаторыя сістэмы дагэтуль не працуюць. Напрыклад, квіткі дагэтуль купіць нельга — гэта тое, што заўважаюць звычайныя пасажыры. Чаго пасажыры не заўважаюць: дагэтуль у Беларускай чыгункі няма магчымасці афармляць дакументы, гэта значыць стаяць камерцыйныя перавозкі. А гэта фінансавыя страты.
Чаму інфраструктуру чыгункі Сяргей больш не шкадуе?
— Хачу адпомсціць дзяржаве. За тое, што яны так нахабна хлусілі. Усім было вядома, што вялікая колькасць цягнікоў вязе вайсковую тэхніку. Але яны хлусілі і казалі, што гэтая тэхніка не рушыць на поўдзень. А самі далі тэрыторыю Беларусі для нападу. Мая матывацыя — дапамагчы Украіне.
"За эшалонамі мы сочым"
Калі партызаны ідуць на справу, яны выбіраюць не выпадковыя адрэзкі на пуцях. У іх ёсць інфармацыя пра рух эшалонаў.
— За эшалонамі мы сочым, няхай ваякі не забываюць, што ёсць персанал станцый, які аператыўна перадае нам інфармацыю. І свежы графік руху цягнікоў у нас ёсць. Мы загадзя ведаем, дзе што едзе.
Партызаны могуць спыніць эшалон нават на працягу 15 хвілін. Калі-нікалі трэба больш часу — залежыць ад таго, дзе яго зловяць.
— Калі заўтра вам паступіць інфармацыя: са Смаленска выехаў эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай, — партызаны змогуць яго перахапіць і не даць даехаць да Украіны?
— Так, змогуць.
Да смяротнага пакарання
У Следчым камітэце не адмаўляюць, што на беларускай чыгунцы паляць рэлейныя шафы і замыкаюць рэйкі. Там лічаць, што мэта дыверсій — катастрофы і гібель людзей.
Сёння стала вядома, што генпракурор Беларусі прыняў рашэнне пра завядзенне крымінальнай справы па ч. 3 арт. 289 — акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай.
На думку генпракурора, людзі паслухаліся размешчаных у "экстрэмісцкіх Telegram-каналах і чатах" заклікаў "да тэрарыстычнай дзейнасці на чыгунцы".
Артыкул, паводле якога распачата крымінальная справа, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, пажыццёвае пазбаўленне волі або смяротнае пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.