Рэйтынг кандыдатаў у Польшчы вывучалі 8 структур, а ў Беларусі — ніводная

Рэйтынг кандыдатаў у Польшчы вывучалі 8 структур, а ў Беларусі — ніводная

На выбарах прэзідэнта Польшчы гэтай вясной працавалі сацыёлагі з 8(!) розных структур. Рэйтынгі кандыдатаў, настроі выбаршчыкаў — сацыёлагаў цікавіць усё А хто і як працуе на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі?

Па інфармацыі Цэнтрвыбаркама, дазвол-акрэдытацыю на правядзенне апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах атрымалі 6 сацыялагічных структур. Вырашаю даведацца, за каго па іх дадзеных гатовыя галасаваць беларусы.

У Магілёўскім інстытуце рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў шчыра здзіўляюцца таму, што яны будуць праводзіць нейкія даследаванні, звязаныя з выбарамі.

“Не праводзім асобна ніякіх даследаванняў па выбарах. Грамадска-палітычная сітуацыя, маніторынгавыя даследаванні праводзяцца намі штогод. Калі падводзяцца вынікі года ў снежні, людзі ўжо ведаюць, як яны год пражылі, расказваюць, што на харчаванне патрацілі, што — на адпачынак. А каб асобна па выбарах — не. У нас магчымасцяў няма па Беларусі праводзіць, мы ў сябе”, — тлумачаць мне магілёўскія сацыёлагі.

Адна структура мінус — ідзем далей. Тэлефаную дырэктару Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў Белдзяржуніверсітэта Давіду Ротману. Месяцы чатыры таму ён казаў, што супрацоўнікі яго Цэнтра яшчэ да выбараў будуць вывучаць выбарчую сітуацыю ў краіне. Якія ж рэйтынгі ў кандыдатаў сёння? І адразу другое расчараванне: сацыёлагі з БДУ не праводзілі абяцаных колькі месцаў таму даследаванняў, і падчас сёлетніх выбараў не будуць таксама! А як жа атрыманая акрэдытацыя?

“Гэта акрэдытацыя не на дадзены канкрэтны экзіт-пол, — тлумачыць Давід Ротман. — Гэта проста акрэдытацыя. Праводзіцца яна кожныя 2-3 гады і мы пастаянна атрымліваем гэтае пасведчанне — яно ў мяне тут у рамцы стаіць. І я маю права праводзіць экзіт-пол. Але мы самі вырашылі не ўдзельнічаць. Адпаведна, мы і гэтую разведку, даследаванні за некалькі месяцаў да выбараў не праводзілі”.

Чаму канкрэтна вырашылі “не ўдзельнічаць” і даследаванняў на выбарах-2015 не праводзіць, Давід Ротман не ўдакладняе. Але выглядае на тое, што проста не знайшлі заказчыка, які б аплаціў працу сацыёлагаў. Гэта пацвярджае кіраўнік Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Ігар Катляроў:

“Тут галоўнае пытанне — грошы. Хто дасць на гэта такія вялікія грошы? Калі, да прыкладу, ваша радыё ці якая іншая структура нам зробіць замову, то тады мы можам праводзіць. Хай не ўсе шэсць, з тых, хто атрымаў акрэдытацыю, але чатыры з гэтых структур здольныя правесці апытанні ў дзень выбараў. Усе структуры рыхтуюцца, але ўсё залежыць ад фінансаў: фінансы будуць — будзем праводзіць”.

Як бачыце, гаворка вядзецца выключна пра апытанні, так званыя экзіт-полы, у дзень галасавання. Калі на выхадзе з выбарчых участкаў пытаюцца ў выбарцаў, за каго яны прагаласавалі. Гаворкі пра нейкія даследаванні, вымярэнні рэйтынгаў да пачатку галасавання нават не ідзе!

Застаюцца яшчэ тры структуры. З іх адна аўстрыйская — Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”. Атрымаць каментарый у кагосьці з кіраўніцтва “барометра” не атрымліваецца, але па словах Давіда Ротмана, які з гэтым інстытутам добра знаёмы, і сам Інстытут — структура сур’ёзная, і працуюць там спецыялісты высокага ўзроўню. Толькі і яны абмяжоўваюцца апытаннем выбаршчыкаў у дзень галасавання. Па словах Ротмана, аўстрыйцы для гэтых мэтаў набралі звыш 1 тысячы беларусаў і абучылі іх правядзенню менавіта экзіт-пола.

Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта наадварот да дня выбараў сацыялагічныя даследаванні праводзіў, а вось ў дзень галасавання нічога замяраць не будзе.

“Перад выбарамі мы даследаванні правялі і вынікі іх анансавалі. Усё, што можна было ў межах заканадаўства і ў межах абмежаванасці часу па публікацыі — за 5 дзён да выбараў мы вынікі апублікавалі. Экзіт-полы наш цэнтр праводзіць не будзе. Давайце 46 артыкул Выбарчага кодэксу выконваць, каб даць магчымасць людзям вызначыцца без нейкага ўціску нейкіх уплывовых публікацый на гэтую тэму”, — тлумачаць сваю пазіцыю ў ІАЦ.

У канцы верасня ІАЦ праводзілі сацыялагічнае апытанне, па выніках якога, сярод іншага, паведамілі пра ўзровень даверу беларусаў Лукашэнку. Паводле Выбарчага кодэксу публікаваць нейкія вынікі сацдаследаванняў ужо забаронена, таму — ідзіце па спасылцы. Адзінае, звяртаю вашу ўвагу на такую цікавостку: лічба тых, хто “давярае” атрымліваецца шляхам складання тых, хто “цалкам давярае кіраўніку краіны” і тых, хто, “хутчэй давярае”.

Пра ўзровень даверу іншым кандыдатаў, а тым больш іх рэйтынгі ў даследаванні ІАЦ, апублікаваным 5 кастрычніка, нічога няма.

Застаецца даведацца пра Маладзёжную лабараторыю сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”. Але ў арганізацыі з такой доўгай і разумнай назвай няма нават сайта! Адпаведна, даведацца імёны сацыёлагаў, якія там працуюць, і вынікі іх папярэдніх даследаванняў немагчыма. Кіруе гэтым “камітэтам маладзёжных арганізацый” 43-гадовы экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Юшкевіч, сацыялагічнай адукацыі ён не мае, цягам трох дзён на тэлефанаванні не адказвае.

У якасці юрыдычнага адраса “Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый” пазначана вул. К. маркса, 40 у Мінску. Але гэта будынак БРСМ! Вырашаю пайсці проста туды. Вось толькі не праходжу далей за бабулю-вахцёрку, двух падлеткаў-“сек’юрыці” ля ўваходных дзвярэй і хлопца ў цывільным з тых, каго больш звыкла бачыць на акцыях апазіцыі. Бабуля ўвогуле моцна здзіўляецца, што ў іх ёсць нейкі “камітэт арганізацый” — відавочна, упершыню чуе гэтую назву. Некуды тэлефануе, перадае мне слухаўку і высвятляецца, што нікога з камітэта на месца няма, кіраўнік маладзёжнай лабараторыі — выкладчык БДУ, можа будзе, а можа, і не. Карацей, усё, што ўдаецца даведацца па выніку: яны будуць праводзіць экзіт-полы ў дзень галасавання на 308 участках, “каб даць дадзеныя з дакладнасцю ± 5%”. Для інфармацыі: выбарчых участкаў па краіне – 6080.

Што па выніку маем? Сацыялагічнымі даследаваннямі перад выбарамі ніхто не займаўся і ў дзень выбараў толькі дзве структуры будуць неяк гэта рабіць.

У рэпартажы няма ўзгадкі пра Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), бо ён акрэдытацыі на правядзенне апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах не атрымаў і не можа працаваць у Беларусі легальна. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі