Основатель "Белого легиона": Угроза для Беларуси со стороны России снижается

Заснавальнік “Белага легіёна”: Пагроза для Беларусі з боку Расіі змяншаецца

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Чыслаў ― заснавальнік беларускага “Белага легіёна”, незарэгістраванай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, створанай як моладзевае крыло Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мэта арганізацыі — выхаванне нацыянальна арыентаванай моладзі для службы ў беларускім войску, міліцыі і спецслужбах. Сябры арганізацыі вывучалі гісторыю Беларусі, размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў археалагічных раскопках. Некалькі гадоў таму Сяргей, які цяпер жыве ва Украіне, змяніў прозвішча з Чыслава на Бульбу.

Еўрарадыё: Крыху да гісторыі, навошта было ствараць “Белы легіён”?

Сяргей Бульба: “Белы легіён” быў створаны на базе моладзевага крыла Беларускага згуртавання вайскоўцаў, арганізацыі, якія ўтварылася падчас развалу Савецкага Саюза. Мы дапамагалі афіцэрам-беларусам вярнуцца на Радзіму. Але калі БЗВ было забароненае рашэннем Вярхоўнага суда, мы сталі фармаваць сваю структуру. “Белы легіён” прысутнічаў ва ўсіх абласцях, шмат у якіх адміністрацыйных цэнтрах і ва ўсіх нашых адзінках былі свае інструктары па спорце, па іншай падрыхтоўцы. Абласныя суполкі праводзілі свае трэніровачныя летнікі і вызначалі людзей, якія па сваіх фізічных паказчыках і па веданні беларускай гісторыі, што мы лічылі вельмі істотным, былі гатовыя да здачы на “сталёвы берэт”. Фактычна, была ідэя ўтварэння такога “сталёвага братэрства”, якое пры зацікаўленасці дзяржавы магло б папоўніць шэрагі беларускіх сілавых структур — і Мінабароны, і КДБ, і МУС. Мы здавалі тыя ж нарматывы, што здаюць байцы на “крапавы берэт”, за выключэннем трэніровак са зброяй, каб не мець праблем з дзяржавай. Мы рыхтавалі сапраўдных патрыётаў.

Еўрарадыё: Няўжо пасля забароны БЗВ вы не зразумелі, што і вам спакойна працаваць не дадуць, што ўладзе “патрыёты з кулакамі” не толькі не патрэбныя, а яна іх баіцца?

Сяргей Бульба: А яна і сапраўды нас баялася. Памятаеце, калі сябры БЗВ у 1992 годзе прымалі прысягу на плошчы Незалежнасці? Там было 14 дзейсных афіцэраў, і пасля яны ўсе паступова былі выціснутыя з войска. Таго ж палкоўніка Барадача выклікаў міністр абароны і сказаў: "Вы выходзіце з БЗВ ці звольнім з арміі. На што атрымаў адказ: “Для мяне выйсці з БЗВ тое ж, што здрадзіць Беларусі”". Нават на той момант улада баялася патрыётаў у пагонах, асцерагалася, што пры нейкіх няправільных дзеяннях улады БЗВ можа здзейсніць вайсковы пераварот. Але нельга казаць, што мы рабілі тое ж самае, што і БЗВ, бо мы рабілі не на тым узроўні. У нас была моладзь, а не такія людзі, як палкоўнік Барадач ці камандзір Мар'інагорскай брыгады. Мы выхоўвалі моладзь і фактычна аддавалі яе ў рукі дзяржавы, якая магла далей расіць іх пад сябе.

Еўрарадыё: Але вы ад пачатку закладалі ў свядомасць моладзі вельмі небяспечны элемент…

Сяргей Бульба: Мы закладалі беларускасць, любоў да сваёй Радзімы. Але ж калі мы будуем дзяржаву, то мы мусім ведаць, што мы будуем. А калі мы не ведаем, што мы больш любім ― нейкі “рускі мір” ці які “афрыканскі мір”, то і народ пачынае хістацца. А для любой сілавой структуры вельмі істотна вызначаная задача: што мы робім, як мы робім, якая канцэпцыя і стратэгія. Патэнцыял у нацыі ёсць, здаровыя людзі ёсць, працаваць ёсць з кім. Адзінае, каб было жаданне і разуменне.

Еўрарадыё: Калі глядзець на дзень сённяшні, не згубілі яшчэ час для такой працы?

Сяргей Бульба: Пакуль мы вырасцілі пакаленне, якое б я назваў "Back in USSR" ― яны пакрыўджаныя, ніякія, для іх істотныя піва, камп’ютар. І для большасці з іх абсалютна не істотна, які сцяг будзе вісець на гарадской управе: расійскі, беларускі, польскі. Але ўсё ў грамадстве вызначаюць не 95% пасіўнай большасці, а 5% тых, хто актыўна і паслядоўна гатовы адстойваць свае погляды і інтарэсы. Калі мы дэкларуем, што будуем незалежную дзяржаву… шкада, натуральна, згубленага часу, але ― было б жаданне.

Еўрарадыё: Як знішчалі “Белы легіён”?

Сяргей Бульба: Паступова. Нам сціскалі межы працы і ўсе ваенна-патрыятычныя клубы, што мы адчынялі, пад той ці іншай нагодай зачынялі, зачынялі ахоўныя агенцтвы, якія мы рабілі для сваіх людзей. На той час 30 тысяч былых афіцэраў і байцоў спецпадраздзяленняў былі задзейнічаныя ў ахоўным бізнесе. У нас была адпрацаваная схема: мы расцілі і рыхтавалі хлопцаў, потым яны ішлі служыць у войска і па вяртанні мы прапаноўвалі ім месца ў ахоўнай структуры. Нас такой магчымасці пазбавілі. Потым была ўведзеная крымінальная адказнасць за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і мы вымушаныя былі прыпыніць афіцыйную дзейнасць. Толькі пра нас усё адно ніколі не забываліся. У 1996 годзе мяне затрымалі і спрабавалі абвінаваціць па артыкуле “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. Але тады, відаць, спецслужбы не захацелі прызнаваць, што ў іх пад носам нешта вырасла, а яны таго не заўважылі, і ўсё звалілі на ўкраінцаў ― ім далі вялікія тэрміны. А калі быў выбух у Мінску ля стэлы (выбух 4 ліпеня 2008 года ля стэлы “Мінск ― горад-герой” у выніку якога пацярпелі каля 50 чалавек, ― Еўрарадыё), то мяне знялі з маскоўскага цягніка. Яшчэ набываючы квіток у касе для вайскоўцаў на мінскім вакзале, я па твары касіркі зразумеў, што мяне будуць браць. Падумаў, калі паеду машынай і застануся ў Расіі на пэўны час, то наадварот скажуць, што хаваюся, таму што я гэта і зрабіў. Таму я свядома вырашыў застацца. Тады былі арыштаваныя некалькі хлопцаў з “Легіёна”, а на пытанне “Чаму вырашылі нас браць?”, адказалі, што “З вашай падрыхтоўкай вы гэта цалкам маглі зрабіць”. Праўда, маячок мне ў машыну паставілі яшчэ за 2 тыдні да выбуху. І калі адбыўся выбух у метро, я не рызыкнуў вярнуцца ў Беларусь, каб мяне не прызначылі вінаватым яшчэ і ў гэтым.

Еўрарадыё: Вы казалі пра шматлікія структуры і клубы “Белага легіёна”, куды падзеліся гэтыя людзі пасля спынення дзейнасці арганізацыі?

Сяргей Бульба: Тыя, хто быў воінам па духу, з’ехалі і паспяхова служаць у французскім “Замежным легіёне”. Шмат хто з іх ужо атрымаў за службу французскае грамадзянства. Я шкадую, што краіна страціла гэтых людзей ― яны маглі паспяхова служыць і ў “Альфе”, і ў “Алмазе”. Але з-за свайго патрыятызму людзі вымушаныя былі шукаць лепшай долі ў іншай краіне. А так… Нехта служыць у розных беларускіх структурах, нехта не служыць… Але гэта зусім не тое, што можна было б зрабіць, калі б мелі спрыянне з боку дзяржавы. Мы ж заўжды рэкамендавалі сваім хлопцам паступаць у міліцэйскую акадэмію ці акадэмію Мінабароны.

Еўрарадыё: Падрыхтаваныя вамі людзі змаглі б працаваць ў сённяшніх “Альфе” з “Алмазам” ці ў КДБ?

Сяргей Бульба: Я думаў пра гэта. Разумееце, мы спрабавалі ў невялікіх гарадах закідваць нашых людзей у ідэалагічныя аддзелы. І з цягам часу заўважылі, што чалавек, патрапіўшы ў сістэму, становіцца часткай сістэмы, на жаль. Трэба быць вельмі моцнай асобай, каб знаходзіцца ў сістэме і захоўваць свае перакананні. Сёння мы маем у Беларусі прыкладна такую ж сітуацыю, як ва Украіне з “Беркутам”. Наш АМАП ― гэта нейкая асобная каста. Ведаеце, падчас дэманстрацый 1995-96 гадоў, нават яшчэ ў 2000 годзе, было ўражанне, што міліцыя ― гэта частка народа. Яны выконвалі сваю функцыю, але ўсе разумелі, што мы адзін народ. Цяпер інакш: ім дазволена ўсё, яны робяць усё, яны ламаюць усіх. Прычым, тычыцца гэта не толькі апазіцыянераў.

Еўрарадыё: Лукашэнка заявіў: калі б у нас здарылася тое, што ва Украіне, да прыкладу, то ён бы першым быў у акопе і бараніў бы краіну. А нашы сённяшнія армія і спецслужбы, на вашу думку, былі б у тым акопе побач з ім?

Сяргей Бульба: Вельмі сумняваюся. Чым можа кіравацца ў такой сітуацыі любы афіцэр? Патрыятызм, грошы ці страх. Патрыятызму ў нашых структурах няма, яшчэ з часоў БЗВ і “Белага легіёна” ён вынішчаўся пад корань ― контрвыведка вельмі пільна адсочвала, і з усімі, хто быў у сувязях з гэтымі арганізацыямі заўважаны, не працягвалі кантракт. Працягвалі кантракт з людзьмі, у якіх былі спагнанні ці хто любіў “закласці за каўнер”, а з нашымі ― не. Як прыклад, 39-гадовы генерал-маёр засвяціўся на святкаванні 25 сакавіка ― з ім таксама кантракт не працягнулі. Але ўлады пайшлі далей. Калі яны павыкідалі ўсіх нацыяналістаў, то ўзяліся за ўсіх, хто здольны да прыняцця самастойнага рашэння. Летась мы адзначалі 25-годдзе атрымання лейтэнанта. Выпускаліся мы яшчэ пры саюзе, прыехалі хлопцы з Расіі, Украіны, былі беларусы. Здзівіліс расіяне: сярод іх не было такіх “ура-ура!”. Гэта прыкмета, што чым большы ўзровень інтэлекту, тым менш людзі вядуцца на прапаганду. Але найбольш здзівілі беларусы сваёй няздольнасцю да аналізу і прыняцця рашэнняў. Кажу, вы разумееце, што пасля Украіны мы будзем наступныя? ― “Ды ты што! Там, наверсе, усё павырашаюць!”. Але разумееце, у Беларусі расійскія спецслужбы мелі магчымасць працаваць больш сур’ёзна, чым ва Украіне і па часе, і па глыбіні працы. А ўсе, хто скончыў Ваенную акадэмію ў Маскве ― гэта гатовыя агенты ўплыву. Для іх цэнтр сусвету ― Масква, і яны мараць мець такі ж заробак, як іх расійскія калегі. І калі пачнуцца сур’ёзныя праблемы, то што мы маем: патрыятызму няма, у параўнанні з Расіяй нашы сілавікі атрымліваюць капейкі. Страх? З каго арганізуюць “заградатрады”? Для СМЕРШа таксама важная матывацыя. Я лічу, што нашы будуць проста “браць пад казырок” і сабатаваць гэтак жа, як у Крыме.

Еўрарадыё: Але ж цяпер паўсюль ёсць палітрукі ці ідэолагі, нейкую ж ідэалогію яны прасоўваюць?

Сяргей Бульба: Калі чалавек не верыць у тое, што сам кажа, каго ён можа пераканаць? Вы думаеце, гэты палітрук верыць у тое, што кажа? Не. І яны там проста выконваюць задачу, што перад ім паставілі. Без ідэйнай матывацыі гэта немагчыма. А ідэю, што мы частка “рускага міра”, наша ўлада пеставала вельмі даўно. Магчыма, нашы ўкладалі ў гэты тэрмін іншы сэнс, чым укладаюць у Маскве, але ж… Пасля таго, як была спыненая дзейнасць “Легіёна”, у нас заставаліся па рэгіёнах зарэгістраваныя спартовыя клубы. І мы часта сутыкаліся з сітуацыяй, як у тым жа Гомелі, калі кіраўніка клуба выклікаюць, і нейкі капітан КДБ кажа: "Хлопцы, а вы нам не патрэбныя ― мы будуем “рускі мір”". Ладна, калі гэта ў галаве ў некага наверсе, але ж гэта ўжо прарасло да ўзроўню малодшага афіцэрства. Вось гэтая нявызначанасць, неакрэсленасць дала падставу для такой дзіўнай творчасці, калі кожны сам сабе выдумляў, што ён будуе. І тут нават расіяне ні пры чым — беларусы самі мусяць вызначыцца, чаго яны хочуць? Калі мы дакладна разумеем, што будуем незалежную дзяржаву, што альтэрнатывы няма, што толькі ў Беларусі беларус можа рэалізавацца ― гэта адзін варыянт. Калі мы рыхтуем кадры, каб пастаўляць іх у суседнюю краіну ― гэта іншая, не вельмі цікавая пазіцыя.

Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе пад падрыхтоўкай кадраў для іншай краіны?

Сяргей Бульба: Гады тры таму ў Маскве было прынятае рашэнне, і беларускім афіцэрам дазволілі служыць у сілавых структурах Расіі без дадатковага прыняцця прысягі. І ўжо шмат хлопцаў з АМАПа з’ехалі туды служыць. Нашы былі не вельмі гэтым задаволеныя, але ж Расія для нашых такія вось умовы стварыла.

Еўрарадыё: Вы верыце ў паўтарэнне ўкраінскага сцэнарыя ў Беларусі?

Сяргей Бульба: Калі вызвалялі палітвязняў, я вельмі баяўся, што іх выпусцілі адмыслова для таго, каб інспіраваць “мінскі майдан” і каб пад гэты факт Масква змагла ў сябе людзям патлумачыць: “Мы не крыўдзім братэрскі народ, а ідзем іх ратаваць, каб там не было як у Кіеве”. На сёння пагроза, пра якую вы кажаце, змяншаецца, бо Расія напаткала тое, чаго не чакала: і санкцыі, і зніжэнне коштаў на нафту. Падазраю, што пыхі ў іх з часам будзе ўсё менш. Але цалкам выключаць такую верагоднасць я б не стаў. І на месцы прэзідэнта задумаўся б, каму служаць і тая ж ваенная контрвыведка, на каго яна працуе ― на яго ці на Расію і іншыя структуры. А ў нас багата структур, якія кіруюцца больш загадамі з Масквы, чым з Мінска.

Еўрарадыё: Уявім, што ўлада бярэ кірунак на беларусізацыю сілавых структур, ёсць з каго фармаваць “Белы легіён-2”?

Сяргей Бульба: Гэта не праблема. У нас дастаткова патэнцыялу, шмат нармальных маладых людзей, з якіх гэта можна ўсё зрабіць. Нават лепш зробім, з улікам старых памылак.

Фота: Зміцер Лукашук, з архіва Сяргея Бульбы (Чыслава)

Гімн "Белага легіёна"

Последние новости

Главное

Выбор редакции