Сабаленка давялося адказаць на пытанне пра Лукашэнку
Арына Сабаленка / Reuters
Беларускай тэнісістцы, другой ракетцы свету Арыне Сабаленка на турніры Porsche Tennis Grand Prix у Штутгарце давялося адказаць на пытанне пра віншаванні і згадкі пра яе ў выступах Аляксандра Лукашэнкі. "Я не ведаю, што сказаць, таму што ён можа каментаваць маю гульню, ён можа каментаваць усё, што захоча... Калі пасля ягоных выступаў украінцы зненавідзяць мяне яшчэ больш, што мне рабіць?", — заявіла Сабаленка. І дадала, што не мае "ніякага дачынення да палітыкі". "Я проста спартсменка з Беларусі", — цытуе словы тэнісісткі Bild.
"Многія людзі паказваюць на мяне пальцам, а некаторыя, магчыма, ненавідзяць мяне. Я нічога не зрабіла супраць Украіны. Яны не любяць мяне толькі таму, што я нарадзілася ў Беларусі, — працягвала тлумачыць сваю пазіцыю Арына Сабаленка. — ...Калі б я магла спыніць вайну, я б гэта зрабіла, але, на жаль, гэта не ў маіх сілах, не пад маім кантролем. Я проста стараюся менш бываць у інтэрнэце, таму нічога падобнага не бачу. Я хачу засяродзіцца на сабе і сваёй гульні, не ўпадаць у дэпрэсію з-за гэтай сітуацыі".
Як вядома, Сабаленка жыве ў ЗША. Аднак прапаганда РБ і асабіста Аляксандр Лукашэнка нярэдка выкарыстоўваюць яе імя ў сваіх мэтах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.