Салдаты самі плакалі: што рабілася на Чабатарова, дзе людзі гублялі прытомнасць

7 верасня пра здарэнне на Чабатарова нагадваюць толькі графіці / Еўрарадыё
7 верасня пра здарэнне на Чабатарова нагадваюць толькі графіці / Еўрарадыё

Дзясяткі людзей у вайсковай форме, жаночыя крыкі і машыны хуткай дапамогі... Відэа, знятыя 6 верасня на вуліцы Чабатарова ў Мінску, больш нагадваюць хроніку баявых дзеянняў, чым ужо звыклы хапун у Беларусі. Што ж там адбылося?

Замес, па словах відавочцаў, пачаўся каля 14 гадзін. Калона дэманстрантаў рухалася да цэнтра горада па Партызанскім праспекце, які ў раёне вуліцы Кашавога быў перакрыты сілавікамі. Частка пратэстоўцаў вырашыла абысці дварамі перашкоду з "касманаўтаў" і пайшла ў бок Даўгабродскай, якая таксама аказалася перакрытая.

Алена рухалася ў калоне разам з паўналетнім сынам. Разам яны і былі "заблакаваныя" на Чабатарова.

"Калона падзялілася. Нас засталося чалавек 150-200. Яны пад'ехалі — людзі без апазнавальных знакаў. Былі ў форме мілітары, але хто гэта — незразумела. Сталі абкружаць. Было падобна на нейкі ваенны фільм. Рэальна, як фашысты ў кіно. Прыціснулі людзей да сценкі", — успамінае Алена.

"Адпрацаваным ударам з локця заехаў мне знізу ў сківіцу"

Спачатку, кажа Алена, у аўтазакі пачалі загружаць толькі хлопцаў, пачалася бойка. Пры гэтым сілавікі дзейнічалі жорстка як у дачыненні да мужчын, так і да дзяўчат.

"Я ўбачыла, як маё дзіця цягнуць па зямлі, парвалі заплечнік. Па твары яму некалькі разоў урэзалі, як потым аказалася, — ёсць сінякі. Я, вядома ж, падскочыла: яны мяне груба адштурхнулі, моцна схапіўшы за руку. Думала нават — пералом.

Калі папрасіла прайсці да сына, то нейкая, прабачце, дробная пачвара сказала мне "Заткніся!". Пасля гэтага адпрацаваным ударам з локця заехаў мне знізу ў сківіцу. У масцы, цёмныя акуляры, спартыўнае адзенне — наогул не ведаю, хто гэта".​ 

Алена апынулася ў Партызанскім РУУС, яе сын — у Заводскім.

У аддзяленні жанчыне стала дрэнна і яна папрасіла аб медыцынскай дапамозе. Выклікаць хуткую супрацоўнікі РУУС пагадзіліся толькі пасля складання пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. З часу затрымання на той момант прайшло гадзін пяць.

Закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсенне мозга, удар трэцяга і пятага пальцаў левай рукі, падскурныя кровападцёкі. Менавіта так для Алены скончылася пратэставая нядзеля.

Затрымалі дзядулю ў халаце і тапках

Валерыя разам са сваім хлопцам таксама апынулася на Чабатарова, прыйшоўшы сюды ў калоне з Партызанскага праспекта. Як і Алене з сынам, ім таксама давялося раздзяліцца.

"Прыгналі некалькі аўтазакаў. Сказалі: хлопцы, адразу выходзьце з натоўпу. Дзяўчаты пачалі крычаць. Людзі выглядалі з дамоў і крычалі ім [сілавікам], каб нас адпусцілі. У двор выйшаў дзядуля ў халаце і тапках, пачаў заступацца за нас, але яго таксама па зямлі павалаклі і закінулі ў аўтазак".

"Некаторыя салдаты нават плакалі"

Хлопцы ў ваеннай форме — гэта былі салдаты тэрміновай службы, упэўненая дзяўчына: вельмі ўжо маладыя.

"Мы крычалі стандартныя крычалкі. Напрыклад, "Сколько стоит совесть?!". Было відаць, што ім было вельмі некамфортна. Некаторыя салдаты нават плакалі — хавалі ад нас свае мокрыя вочы. Яны яўна не хацелі там знаходзіцца".

Валерыя — тая самая дзяўчына, якой выклікалі хуткую ў момант разгону. Ролік з дзяўчынай, якой стала дрэнна, шырока разышоўся ў сеціве.

"У мяне пачалася панічная атака. Побач са мной былі знаёмыя дзеўкі, якія працуюць у хуткай. Далі нашатыр, пачалі прыводзіць да прытомнасці. Адна дзяўчына пайшла мне шукаць ваду — яе затрымалі. Некаторыя вайскоўцы падыходзілі і прапаноўвалі правесці мяне: але было незразумела — правесці з ачаплення або ў аўтазак. Але ў выніку двое ваенных гадоў 30 вывелі з ачаплення на траву, выклікалі мне хуткую".

У выніку пакінуць раён Трактаразаводскага пасёлка яна змагла толькі ў хуткай, хоць ад шпіталізацыі і адмовілася. А вось яе малады чалавек з'ехаў з Чабатарова толькі праз Заводскі РУУС, дзе на яго склалі пратакол (арт. 23.34 КаАП).

“Солдаты сами плакали”: что творилось на Чеботарёва, где люди теряли сознание
На наступны дзень пасля інцыдэнту надпіс "Не забудзем" на праезнай частцы Чабатарова зафарбавалі / Еўрарадыё

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", 6 верасня ў Мінску былі затрыманыя 194 чалавекі. Паводле звестак МУС, усяго па краіне супрацоўнікі іх ведамства затрымалі 633 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі