Самыя прыгожыя сукенкі MetGala (чаму б і не)
Ума Турман і Зендая на MetGala
Сёння свет прачнуўся па-сапраўднаму палярызаваным. У інтэрнэце заўзята спрачаюцца, у каго сукенка круцейшая. Усё праз баль MetGala, які прайшоў у Нью-Ёрку, калі ў Старым Свеце была глыбокая ноч.
MetGala — гэта модны паказ, на якім збіраюць грошы для Інстытута касцюма Метраполітэн-музея. Гала-канцэрт узначальвае галоўная рэдактарка Vogue Анна Вінтур. Ну а для селебрыці гэта заўсёды нагода надзець якую-небудзь нерэальную сукенку, якая была б "ту мач" нават для "Оскара".
Дрэс-код гэтага года — "Сад часу". Тэма натхнёная аднайменным апавяданнем Дж. Дж. Баларда. Сюжэт выбудаваны вакол гісторыі пра багатых графа і графіню, якія адгароджваюцца ад свету — а потым на іх нападае натоўп. Страшна? А то.
Анна Вінтур запатрабавала, каб усе прачыталі апавяданне, а не проста надзелі сукенку, кажа Ніколь Кідман.
У той жа дзень у тым жа горадзе
Калі вы лічыце, што цяпер можна пайсці на баль і не ўлезці ў палітыку, то вы дрэнна думаеце пра сучасныя балі. Пакуль модныя выданні вывучаюць, што там за ружы на сукенцы мадэлі Джыджы Хадыд, Washington Post звяртае ўвагу зусім на іншае.
Джыджы — палестынскага паходжання. І пакуль яна падымалася па прыступках MetGala 2024, сотні прапалестынскіх пратэстоўцаў сабраліся на барыкадах, выбудаваных уздоўж Медысан-авеню. Яны патрабавалі спынення агню ў сектары Газа.
Але Washington Post піша, што большасць з тых, хто паказаўся на дывановай дарожцы, не асабліва турбавала мітусня ў горадзе. Адна з госцяў сказала, што ў Нью-Ёрку заўсёды хаос, да гэтага ўсе прывыклі.
Складана, прыгожа
На дарожцы, зрэшты, таксама хаос. Зендаі давялося прадставіць два вобразы, бо напярэдадні гала-канцэрта Рыяна захварэла на грып. Каб сукенка не прапала, Зендая па чарзе прадэманстравала абедзве.
Вось яшчэ адна цікавая сукенка: Наомі Скот запэўнівае, што яна пашытая са старога абруса, які купілі на eBay і дэкаравалі вышыўкай і пацеркамі. Дызайнеры не рэзалі тканіну, а надалі ёй форму.
"Хто ведае, на чыім стале яна ляжала, якія стравы з яе елі, хто прыходзіў на званы абед?" — разважае Скот.
Лана дэль Рэй прыйшла ў сукенцы ад Alexander McQueen. Гэта амаж да сукенкі самога Маккуіна, якую ён паказаў у 2006 годзе. Рогі — сапраўдныя, і Лана сказала, што ўсе яе думкі былі пра тое, як бы з кім-небудзь не сутыкнуцца (і не зрабіць у кім-небудзь дзірку).
Нагадваем: тэма балю — "Сад часу". Хтосьці звярнуў увагу на прывабнае слова "сад", а хтосьці — на больш страшнае. Час.
"Я больш хвалявалася ў свае 30, а потым мне споўнілася 40, і стала ўсё роўна", — сказала актрыса і мадэль Габрыэль Юніён.
Дарэчы, пра ход часу. Паглядзіце на Шакіру ў вобразе ружы. Здаецца, дзесьці ў свеце адмянілі старэнне.
Shakira ha sido la rosa roja del jardín que el dress code ‘Garden of Time’ exigía en la Met Gala 2024 El look de la colombiana lo firma Carolina Herrera #Shakira #MetGala #MetGala2024 pic.twitter.com/XcmbwOHN9J
— Mónica 🇨🇴 (@pelinegra0818) May 7, 2024
На балі была заўважаная і Папялушка. Дакладней, дыснэеўская "Папялушка" Лілі Джэймс. Вам якая сукенка больш падабаецца — тая, што на баль да прынца, ці тая, што на баль да Анны Вінтур?
Ну ўсё, усё, перастанем удаваць модных блогераў. Калі шчыра, то нам, вядома, больш за ўсё спадабалася вось гэта кінетычная сукенка з рухомымі матылькамі. Закладаемся, што вам таксама!
Miglior vestito di questo #MetGala2024 se chiedete a me, non riesco a smettere di pensarci e poi quelle farfalle che si muovono… pic.twitter.com/ENrSiuwz4h
— Chiara (@_itschiaram) May 7, 2024
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.