Сенатар просіць Байдэна адгаварыць МВФ ад вылучэння сродкаў "рэжыму Лукашэнкі"
Роберт Мянендэз / Reuters
Сенатар Роберт Мянендэз накіраваў Джо Байдэну ліст, у якім заклікаў кіраўніцтва ЗША дамагчыся ад МВФ адмовы ад юрыдычнага прызнання "рэжыму Лукашэнкі". Гэта дазволіць заблакаваць доступ беларускага ўрада да плацёжных сродкаў МВФ амаль на $1 млрд, якія фонд плануе вылучыць Беларусі.
На думку Мянендэза, вылучэнне сродкаў МВФ "падарве высілкі ЗША па пазбаўленні нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі рэсурсаў, якія ён можа выкарыстоўваць, каб жорстка прыгнятаць беларускі народ".
Міжнародны валютны фонд размяркоўвае паміж краінамі рэсурс у 650 млрд даляраў, каб садзейнічаць аднаўленню эканомік пасля пандэміі. Гэта найбуйнейшая эмісія ў гісторыі МВФ — для пераадолення найбуйнейшага крызісу з часоў Вялікай дэпрэсіі. Грошы могуць размеркаваць ўжо да канца жніўня.
Беларусь з'яўляецца сябрам МВФ з 1992 года. За гэты час яна атрымала ад фонду падтрымку на суму 3,8 млрд долараў і ўсе атрыманыя крэдыты гасіла своечасова. Таму можа разлічваць і на новы транш.
Аднак беларуская дыяспара і апазіцыйныя палітыкі настойваюць на тым, каб транш быў замарожаны да таго моманту, як у Беларусі адбудуцца перамены. У гэтым яны заручыліся падтрымкай палітыкаў па ўсім свеце, уключна з сенатарамі ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.