Штаб Караткевіч абвяргае, што абяцаў даць на праверку толькі 80 тысяч подпісаў
У выбарчым штабе Таццяны Караткевіч абвяргаюць звесткі, быццам абяцалі даць грамадскай камісіі па праверцы падпісных лістоў копіі толькі 80 тысяч подпісаў.
Колькасць падпісных лістоў, копіі якіх ёсць у распараджэнні актывістаў, у адказе ініцыятыўнай групы не называлася. Пра гэта ў каментары БелаПАН заявіў сябра ініцыятыўнай групы Караткевіч, каардынатар збору подпісаў Сяргей Вазняк.
Нагадаем, 31 жніўня грамадская камісія па праверцы подпісаў, створаная некалькі палітычнымі структурамі, заявіла пра немагчымасць праверыць колькасць і сапраўднасць подпісаў у падтрымку Караткевіч. У заяве гавырылася, быццам штаб Караткевіч можа даць не больш за 70-80 тысяч з сабраных 107.299 подпісаў за вылучэнне прэтэндэнткі.
Па словах Вазняка, у ініцыятыўнай групе Караткевіч цяпер няма копіяў усіх падпісных лістоў, бо іх усё яшчэ падвозяць з рэгіёнаў. Ён кажа, што лічбу ў 80 тысяч наяўных подпісаў назваў у размове з прадстаўнікамі ініцыятывы. У афіцыйным жа адказе кампанія "Гавары праўду" сказала, што гатовая аддаць копіі падпісных лістоў на праверку, але не ведае, колькі дакладна.
У тым жа адказе, кажа Вазняк, ініцыятыўная група Караткевіч прапанавала стварыць "сапраўдную грамадскую камісію" з удзелам палітыкаў і журналістаў. "Усе дэмакратычныя сілы павінны патрабаваць, каб подпісы, здадзеныя ў выбарчыя камісіі, былі правераныя з удзелам назіральнікаў. Вось гэта нармальна і магчыма. Але правяраць трэба рэальныя падпісныя лісты, а не копіі. Калі б грамадская камісія на гэтым сканцэнтравалася, мы б іх падтрымалі, гэта было б правільна", — заявіў Вазняк.
Фота: svaboda.org