Што больш за ўсё (не) падабаецца беларусам? Расказалі сацыёлагі

Што хвалюе беларусаў?

Што хвалюе беларусаў? / unsplash.com

Брытанскі аналітычны цэнтр Chatham House выпусціў новае даследаванне, у якім распытаў беларусаў пра жыццё, палітыку і дзяржаву. Частка вынікаў можа вас здзівіць. Еўрарадыё пераказвае асноўныя моманты.

“12% ніколі не думалі пра тое, што ў Беларусі добра жыць”

Галоўнай перавагай свайго жыцця беларусы лічаць адсутнасць вайны (64%): большасць думае, што сітуацыя ва Украіне, якая ваюе, кепская, і, відаць, асцерагаецца, што падобнае здарыцца ў Беларусі. Яшчэ 55% выказаліся пра тое, што ў Беларусі добра жыць, бо ў нас прыгожая прырода.

Яшчэ 12% ніколі не думалі, што ў Беларусі добра жыць.

Что больше всего (не) нравится белорусам? Рассказали социологи
Пазітыўныя бакі жыцця ў Беларусі / Chatham House

Іншым фактарам можа быць забеспячэнне мінімальнага набору сацыяльных гарантый. Напрыклад, 75% рэспандэнтаў лічаць, што дзяржава мусіць забяспечваць якасныя медпаслугі, яшчэ 81% лічыць, што выдаткі на ахову здароўя трэба павялічыць.

Самыя важныя праблемы, якія хвалююць беларусаў, — гэта рост цэн (42%) і нізкі ўзровень даходаў насельніцтва (40%). Большая частка рэспандэнтаў лічыць, што сфера эканомікі больш за астатнія мае патрэбу ў рэформах.

Адсутнасць дэмакратыі і свабоды слова праблемай назвалі 17% беларусаў, наступствы расійска-ўкраінскай вайны — 18%.

Что больше всего (не) нравится белорусам? Рассказали социологи
Ацэнка важнасці праблем у Беларусі / Chatham House

Па ўзроўні жыцця, заробкаў і стабільнасці Беларусь успрымаецца хутчэй горш, чым іншыя краіны. Большасць выказалася за тое, што тут жывуць горш, чым у Літве, Польшчы, ЗША, Швецыі. Выключэнне — Украіна, дзе сітуацыя ў цэлым лічыцца горшай, чым у Беларусі. 55% апытаных пагадзіліся, што ўзровень жыцця ў Беларусі такі самы, як у Расіі.

Беларусы хочуць незалежнасці. Амаль усе

Стаўленне да знешняй палітыкі ў беларусаў застаецца ранейшым: незалежнасць і скептычнае стаўленне да саюзаў з іншымі дзяржавамі. Напрыклад, 38% рэспандэнтаў адказалі, што беларусам варта сябраваць як з Расіяй, так і з Украінай.

Са сцверджаннем "Беларусь павінная быць незалежнай дзяржавай" цалкам ці хутчэй згодныя 77%.

За "глыбокую інтэграцыю" з Расіяй, аж да адзінай валюты, парламента і прэзідэнта, выступаюць 25%. Столькі ж — за ўступленне ў Еўрасаюз.

Что больше всего (не) нравится белорусам? Рассказали социологи
Знешнепалітычная сітуацыя / Chatham House

Больш чым палова (56%) беларусаў апісвае свой узровень жыцця як сярэдні, яшчэ 25% лічаць, што яны жывуць нават ніжэй за сярэднюю планку.

Пры гэтым беларусы не звязваюць змены ўзроўню жыцця з палітыкай дзяржавы. Тыя, хто кажа пра паляпшэнне, часцей звязваюць гэта з уласнымі дзеяннямі, а пагаршэнне — з "агульнай эканамічнай сітуацыяй".

Что больше всего (не) нравится белорусам? Рассказали социологи
Фактары, якія ўплываюць на ўзровень жыцця / Chatham House

У цэлым даследчыкі адзначаюць, што беларусы адмаўляюцца ад старога сацыяльнага кантракту, які палягае на абмене часткі грамадзянскіх свабод на "стабільнасць". У 2009-м такі сацыяльны кантракт задавальняў больш чым палову беларусаў.

"Адмова грамадства ад умоў старога сацыяльнага кантракту можа азначаць як пераход да згоды з цяперашнім палітычным рэжымам на новых умовах, так і пераход да сітуацыі хутчэй сацыяльнага канфлікту, чым згоды. Ці прыйшоў на змену старому новы сацыяльны кантракт і ў чым ён заключаецца — гэта пытанне для будучых паглыбленых даследаванняў", — пішуць аўтары.

Што за даследаванне?

Даследаванне праводзілася з дапамогай анлайн-апытання ў лютым 2024-га. Сацыёлагі кажуць, што яго вынікі рэпрэзентуюць погляды гарадскога насельніцтва Беларусі з доступам у інтэрнэт. Агульны аб'ём выбаркі склаў 837 чалавек.

Падрабязней з вынікамі і метадалогіяй апытання Chatham House можна пазнаёміцца тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі