Доктарка, звольненая за экалагічны пратэст: З мяне жартавалі: "Грынпіс прыйшоў!"
У Брэсце з Цэнтральнай гарадской бальніцы звольнілі ўрача-неўролага Таццяну Фесікаву. У канцы красавіка яна выступіла на жаночым мітынгу "Брэстчанкі супраць свінцу". Акцыя была дазволеня ўладамі, але гэта не выратавала 43-гадовую доктарку ад звальнення.
На мітынгу, які адбыўся 29 красавіка, Фесікава казала, што не існуе бяспечных доз свінцу, а чыноўнікі не чуюць галасоў больш як 38 тысяч чалавек, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.
Як распавяла Еўрарадыё Таццяна, ужо на наступны дзень пасля мітынгу ёй патэлефанавалі з бальніцы і сказалі, каб 1 траўня яна не выходзіла на дзяжурства:
"У панядзелак, у канцы працоўнага дня мне патэлефанавалі і сказалі, што заўтра я на наступнае дзяжурства магу не выходзіць. Я вядома здзівілася. Сказалі, што ў сераду мне ўсё растлумачаць. У сераду мяне запрасілі падысці да галоўнага ўрача. І там мне было сказана, што паколькі я з'яўляюся сумяшчальнікам, ёсць супрацоўнік, якога хочуць прыняць на поўную занятасць, які будзе не сумяшчальнікам, а пастаянным работнікам".
Таццяна працавала ў цэнтральнай гарадской бальніцы з 2002 года. Да 2008 года — на поўную стаўку, пасля на паўстаўкі. Паралельна яна працуе як ІП не па медыцынскай спецыяльнасці. Па яе словах, прэтэнзій да яе працы не было:
"Я, вядома, сказала, што дзіўна, што раптам адразу пасля мітынгу гэтае пытанне паднялося. На што мне адказалі, што пытанне ўзнімалася ўжо даўно і проста галоўны ўрач быў у ад'ездзе. І вось ён вырашыў па прыездзе агучыць рашэнне, што замест мяне бяруць іншага чалавека на поўную стаўку".
У аддзеле кадраў, калі Фесікава забірала дакументы, ёй сказалі, што на яе месца ўжо ўзялі ўрача, аднак па ўскосных прыкметах можна зразумець, што там не ўсё так проста:
"Я ведаю, што пасля таго, як я сышла, два доктара з сумежных аддзяленняў напісалі заявы і разабралі ўсе дзяжурствы. Мае гэта былі ці не мае дзяжурствы — я не ведаю. У нас там людзі прыходзяць, сыходзяць. Усё па-рознаму.
Грошы там плацяць не вельмі вялікія. Я за паўстаўкі атрымлівала каля 200 рублёў. Часам больш, часам менш".
Пратэсты жыхароў Брэста супраць акумулятарнага завода не вельмі-та турбуюць персанал бальніцы:
"Былі выпадкі, калі я прыходзіла на працу і з мяне жартавалі: "Грынпіс прыйшоў". Вядома гэтая тэма абмяркоўваецца, але дактары з якімі я на планёрцы сустракалася і нават запрашала іх на мітынг, мне казалі "не дуры галавы, да нас не даляціць".
Праваабаронца Раман Кісляк распавёў Еўрарадыё, што з юрыдычнага гледзішча складана пакуль казаць аб неправамернасці звальнення. Але палітычны матыў у гэтым відавочны:
"Тут складанае пытанне. З першага погляду, фармальна ўсё законна. Але, па сутнасці, гэта адназначна матываванае звальненне за выказванне сваіх поглядаў і ўдзел у пратэстах супраць акумулятарнага завода. Усе прэтэнзіі будуць выстаўленыя ў судзе. Гэта не будзе схавана.
Пры гэтым хачу адзначыць, што ў гэтай бальніцы шмат незакрытых ставак, дактароў не хапае. Таму бальніцы заўсёды зацікаўлены ў сумяшчальніках. Але, чамусьці, не ў гэтым выпадку".
Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Жыхары Брэста, некалькіх бліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў супраць: людзей хвалюе магчымае ўздзеянне заводу на навакольнае асяроддзе.
Праведзеная да пачатку будаўніцтва экспертыза паказала, што негатыўнае ўздзеянне на чалавека будзе нязначным, а завод не прывядзе да парушэння экалогіі. Але яе высновы пратэстоўцы ставяць пад сумнеў.