Што паглядзець на “Паўночным ззянні”, “Бульбамуві”, “Лістападзе” — топ стужак
Кадр з фільма "Песні зямлі"
Канец восені традыцыйна праходзіць пад наплывам беларускіх кінафестываляў — што ў самой Беларусі, што за яе межамі.
Проста цяпер у Мінску рушыць 30-ты кінафестываль “Лістапад”, сёння стартаваў у анлайне і афлайне 10-ты фестываль “Паўночнае ззянне”. А ў канцы месяца ў Варшаве пройдзе 10-ты “Бульбамуві” — адзін з апошніх фэстаў, сфакусаваных на паказах беларускага незалежнага кіно.
Еўрарадыё праглядзела праграму фэстаў — і цяпер раіць, на якія стужкі варта абавязкова звярнуць увагу.
30-ты Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” (1-8 лістапада)
Юбілейны “Лістапад” ужо чацвёрты раз, пасля гвалтоўнай змены дырэкцыі, праходзіць пад патранажам дзяржаўных структур і прадпрыемстваў: “Беларусьфільма”, Мінкульта, МЗС.
Гэтым разам арганізатары зрабілі працу над памылкамі, пераглядзеўшы падыходы да прыняцця і разгляду заяў, а таксама вярнуўшы адмененыя раней конкурсныя праграмы: Нацыянальны конкурс і Конкурс нацыянальных школ.
“Лістапад” па-ранейшаму выглядае як пампезная палітызаваная падзея, у якой удзельнічаюць пераважна сябры рэжыму з Расіі, Кітая, Сербіі, краін СНД, але ў гэтым годзе там сапраўды можна адшукаць (вось праграмма паказаў), што паглядзець. І не толькі з расійскага кіно.
“Краіна выратаванага волата”, рэж. Ігар Бышнёў
Беларусь, 2023
Паказ: 5 лістапада, кінатэатр “Піянер”
На студыі “Летапіс” праз палітычныя рэпрэсіі не засталося прасторы для шчырай і сапраўднай дакументалістыткі. Адзінае выключэнне — кіно пра жывёл, якое здымае Ігар Бышнёў.
У адной са сваіх апошніх стужак ён раскрывае гісторыю доўгай і карпатлівай працы па адраджэнні зубра ў Беларусі. Сёння дзікі бык стаў сімвалам таго, як чалавек здольны дапамагчы прыродзе і часткова выправіць шкоду, нанесеную ёй.
“Краіна ветру”, рэж. Лхагвадулам Пурэв-Ачыр
Катар, Германія, Нідэрланды, Партугалія, Манголія, Францыя, 2023
Паказ: 6 лістапада, кінатэатр “Перамога”
Адзін з фаварытаў конкурсу “Венецыянскія гарызонты” мінулагодняга Венецыянскага кінафестывалю.
17-гадовы мангольскі шаман Зэ старанна вывучае навукі ў школе і адначасова наладжвае сувязь з духамі сваіх продкаў, каб дапамагаць людзям сваёй супольнасці. Аднак сустрэча з Маралу абуджае ў ім новыя пачуцці, і перад ім адкрываецца іншая, невядомая раней рэальнасць.
“Кракадзілавы слёзы”, рэж. Тумпал Тампубалон
Інданезія, Францыя, Сінгапур, Германія, 2023
Паказ: 7 лістапада, кінатэатр “Цэнтральны”
Фестывальны трылер з Інданэзіі, удзельнік мінулага кінафестывалю ў канадскім Таронта.
Даміноўная маці, якая жыве са сваім сынам на аддаленай ферме кракадзілаў, страчвае кантроль над сітуацыяй, калі сын упершыню сустракаецца з вонкавым светам і пачынае кахаць дзяўчыну.
10-ты фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” (4-21 лістапад)
У юбілейнага (надзіва амаль усе беларускія падзеі сёлета юбілейныя) 10-га “Паўночнага ззяння” ў гэтым годзе дзве адметныя рысы: рэкордны таймінг правядзення (18 дзён) і адсутнасць анлайн-падзей.
Два з паловай тыдні можна альбо глядзець кіно анлайн, альбо схадзіць на жывыя паказы, калі вы жывяце ў Таліне, Вільні ці Варшаве. У гэтых гарадах будуць свае падзеі, трэба сачыць за раскладам. Уся праграма знаходзіцца тут.
“Песні зямлі”, рэж. Маргарэт Алін
Нарвегія, 2023
Паказ: 4 і 9 лістапада (анлайн)
Нарвежскі намінант на прэмію “Оскар”, які не прабіўся ў шорт-ліст.
Фільм апавядае пра экзістэнцыяльнае падарожжа Олін, якая цэлы год праводзіць разам са сваім бацькам, што старэе, на фоне велічных горных ландшафтаў Нарвегіі. Гэта кінаработа пра жыццё і смерць, прыроду і ўменне проста быць у гэтым свеце. Любоў і нязменная вернасць бацькоў Олін ствараюць ціхае сведчанне таго, як вонкавы свет і ўнутраны стан чалавека знаходзяцца ў гармоніі.
“Прамень”, рэж. Аляксандр Лінд
Данія, 2023
Паказ: 10 лістапада (анлайн)
Дакументальны фільм-партрэт дацкай мастачкі Эле-Мі Эйдруп, якая 4 мая 1995 года стварыла найбуйнейшы на той час арт-аб’ект у Даніі: 532-кіламетровую лазерную лінію ўздоўж ваенных бункераў на заходнім узбярэжжы краіны.
Ініцыятыва выклікала не толькі цікавасць, але і значную хвалю грамадскага абурэння, стаўшы адной з падзей таго часу ў краіне, якая абмяркоўвалася найбольш.
“Пяць з паловай гісторый кахання ў адной віленскай кватэры”, рэж. Томас Венгрыс
Літва, Ірландыя, Латвія, 2023
Паказ: 8 лістапада (анлайн)
Адзін з фаварытаў сёлетняй нацыянальнай кінапрэміі Літвы.
Альманах гісторый з літоўскага жыцця замежнікаў з розных краін. Ірландка змагаецца з уласнымі спакусамі. Ізраільская пара спрабуе справіцца з праблемамі сям’і і бясплоднасці. Венгерка імкнецца знайсці каханне. Сакрэтная сустрэча стрыптызёркі нечакана перарываецца. Тым часам прыбіральшчыца наводзіць парадак і марыць пра ўласны рамантычны шанс.
“Песні зямлі, што павольна гарыць”, рэж. Вольга Журба
Украіна, Швецыя, Данія, Францыя, 2024
Паказ: 10 лістапада (анлайн)
Украінскі фільм-удзельнік пазаконкурснага паказу Венецыянскай біенале.
Рэфлексійныя назіранні за Украінай у часы вайны пераплятаюцца са сведчаннямі відавочцаў, якія асэнсоўваюць найвялікшую трагедыю — і паступова пачынаюць успрымаць ваенныя падзеі як звычайную з’яву.
“Нябачны бой”, рэж. Райнер Сарнет
Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя, 2023
Паказ: 21 лістапада (анлайн)
Намінант на “Залатога леапарда” фестывалю ў Лакарна.
Адчуваючы адчужэнне ад канфармісцкага савецкага грамадства, аматар хэві-металу Рафаэль адкрывае для сябе падпольную супольнасць праваслаўных манахаў, якія займаюцца кунг-фу.
10 фестываль беларускага кіно “Бульбамуві” (22-24 лістапада)
Паўстаўшы ў 2021 годзе ў Варшаве з попелу забыцця, “Бульбамуві” працягвае паказваць незаўважнае для большасці гледачоў беларускае кіно.
Гэтым разам у праграме можна пабачыць шмат рэтраспектыўных фільмаў, прывязаных да этапных дат беларускай гісторыі: 30-годдзе рэжыму Лукашэнкі, 100-гадовы юбілей з нараджэння Васіля Быкава. Але ёсць і больш злабадзённыя стужкі пра нашы дні.
Уся праграма прагляду знаходзіцца тут.
“Радзіма”, рэж. Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка
Швецыя, Украіна, Нарвегія, 2023
Паказ: 22 лістапада (кінатэатр Іluzjon)
Намінант на “Найлепшы дакументальны фільм Еўрапейскай кінаакадэміі мінулага года”.
Складанае дакументальнае эсэ нібы пра прыроду дзедаўшчыны ў Беларусі, а насамрэч пра механізмы, дзякуючы якім рэжым Лукашэнкі трымае ўладу, — і як у такіх умовах існуе беларускае грамадства.
“У тумане”, рэж. Сяргей Лазніца
Беларусь, Германія, Нідэрланды, Латвія, 2012
Паказ: 23 лістапада (кінатэатр Іluzjon)
Удзельнік Канскага кінафестывалю 2012 года і проста адна з найлепшых экранізацый прозы Васіля Быкава за апошнія дзесяцігоддзі.
Лазніца разгортвае драму простага чалавека ва ўмовах вайны, якога ставіць перад складаным выбарам літаральна на кожным кроку. З плюсаў — жывая сустрэча і размова з аўтарам у межах фестывалю.
“Пад шэрым небам”, рэж. Мара Тамковіч
Польшча, 2024
Паказ: 23 лістапада (кінатэатр Іluzjon)
Удзельнік кінафестывалю Трайбека і лаўрэат прэміі за найлепшы дэбют кінафестывалю польскага кіно ў Гдыні.
Гульнявая драма пра побыт родзічаў беларускіх палітвязняў, увасобленая на прыкладзе стасункаў рэальных людзей: сям’і Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай, якія цяпер знаходзяцца за кратамі паводле палітычных матываў.
“Месца кахання”, рэж. Любоў Зямцова
Беларусь, 2019
Паказ: 23 лістапада (кінатэатр Іluzjon)
Лаўрэат прэміі за найлепшы сцэнар кінапрэміі “Чырвоны верас”.
Пяшчотнае і вельмі шчырае дакументальнае кіно аб стасунках моладзі Бабруйскага цэнтра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Адна з найлепшых прац у фільмаграфіі рэжысёркі Любові Зямцовай, якая загінула вясной 2020 года. У межах фестывалю пройдзе рэтраспектыва яе фільмаў.
Away, рэж. Руслан Федотаў
Венгрыя, Бельгія, Партугалія, 2022
Паказ: 24 лістапада (кінатэатр Іluzjon)
Удзельнік прэстыжных дакументальных фестываляў: IDFA 2022, Verzio filmfestival, Artdocfest 2023.
Сэрцаразрыўны партрэт 16-гадовых украінскіх бежанцаў Андрэя і Алісы, якія дапамагаюць у школе для дзяцей-бежанцаў у Будапешце пасля пачатку паўнамасштабнага ўварвання ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.