Сілавікі правялі ператрусы ў агенцтвах нерухомасці па ўсёй краіне — СМІ

Затрыманне, ілюстрацыйнае фота / Pomorska.policja.gov.pl
У шэрагу агенцтваў нерухомасці па ўсё Беларусі адбыліся ператрусы, арганізаваныя сілавікамі.
Інфармацыю пра гэта выданне Tochka.by атрымала адразу ад трох не звязаных паміж сабой крыніц. Адна з крыніц паведаміла, што 8 красавіка адбыліся рэйды адразу ў дзесяці агенцтвах нерухомасці. Там прайшлі затрыманні, у тым ліку сярод кіраўніцтва.
Яшчэ адна крыніца кажа пра ператрусы як мінімум у шасці агенцтвах. З чым яны звязаны, пакуль дакладна невядома.
Трэцяя крыніца ўдакладняе, што ператрусы адбываліся не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. І праходзілі яны не ў буйных кампаніях, а ў сярэдніх гульцоўы рынку.
Як нагадвае Tochka.by, бліжэйшым часам на рынку нерухомасці чакаюцца змены: Палата прадстаўнікоў ужо ў другім чытанні прыняла законапраект "Аб рыэлтарскай дзейнасці". У ім прадугледжваецца адмена інстытута "агента па аперацыях з нерухомасцю". Гэта выклікала бурнае абмеркаванне ў рыэлтарскай сферы, бо скасоўваецца важнае звяно пры заключэнні здзелкі. На думку прадстаўнікоў агенцтваў нерухомасці, такое новаўвядзенне можа паралізаваць працу рынку нерухомасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.